2013-11-08 10:47:23

Кардынал Бэртонэ падагульніў сваю дзейнасць на пасадзе Дзяржсакратара ў кнізе


RealAudioMP3 12 лістапада 2013 г. у Ватыкане адбудзецца прэзентацыя кнігі былога Дзяржсакратара Яго Святасці Папы кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Выданне “Папская дыпламатыя ў глабалізаваным свеце” уяўляе сабой зборнік прамоў і афіцыйных зваротаў кардынала Бэртонэ ў перыяд з верасня 2006 г. па чэрвень 2013 г. Прадмову да кнігі напісаў сам папа Францішак. На яго думку, “кардынал Бэртонэ перадае задзейнічаным у дыпламатычным служэнні Апостальскай Сталіцы, і не толькі, серыю ўсёабдымных разважанняў над галоўнымі пытаннямі, якія тычацца жыцця супольнасці народаў”, а таксама над тэмамі, што ўплываюць на “самыя глыбокія памкненні чалавечай сям’і: мірам, развіццём, правамі чалавека, рэлігійнай свабодай, наднацыянальнай інтэграцыяй”.

43 тэксты, змешчаныя ў кнізе, падзелены на 7 раздзелаў, прысвечаных адносінам Святога Пасаду з дзяржавамі і народамі, місіі папскіх дыпламатаў, правам і годнасці чалавека, рэлігійнай свабодзе, еўрапейскай інтэграцыі. У кнізе змешчаны таксама пасланні, скіраваныя кардыналам Бэртонэ ад імя Папы і тэксты, напісаныя іерархам яшчэ да пачатку біскупскага служэння.

У прэзентацыі выдання прымуць удзел кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, Ганс-Герт Пётэрынг, былы старшыня Еўрапейскага парламента і кіраўнік Фонда імя Конрада Адэнаўэра, а таксама іншыя палітычныя, навуковая і рэлігійныя дзеячы. На прэзентацыі будзе прысутнічаць сам кардынал Тарчызіо Бэртонэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.