2013-11-07 13:00:58

Францішак зацвердзіў тэму наступных Сусветных дзён моладзі


RealAudioMP3 Папа Францішак зацвердзіў тэму наступных Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у польскім Кракаве ў 2016 г. Гэта будуць словы з Евангелля паводле св. Мацьвея: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5,7). Акрамя таго, Пантыфікам былі зацверджаны тэмы дыяцэзіяльных Дзён моладзі, які будуць папярэднічаць сусветнаму форуму. Яны таксама паходзяць з Нагорнай пропаведзі Езуса: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5,3) – на 2014 г. і “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8) – на 2015 г.

Яшчэ на заканчэнне Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра Францішак заклікаў моладзь перачытаць евангельскія благаслаўленні і зрабіць іх “праграмай свайго жыцця”.

Паводле інфармацыі “Каталіцкага пілігрымковага цэнтра”, які спасылаецца на арцыбіскупа Кракаўскага кардынала Станіслава Дзівіша, наступныя Сусветныя дні моладзі пройдуць у 2016 г. з 25 ліпеня па 1 жніўня.








All the contents on this site are copyrighted ©.