2013-11-07 12:37:06

Францішак: Бог мае “слабасць любові” да згубленых


RealAudioMP3 Бог радуецца адшуканню згубленай авечкі, таму што мае “слабасць любові” да тых, якія губляюцца, сказаў папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты 7 лістапада 2013 г. Каментуючы прыпавесці пра згубленую авечку і драхму, Папа патлумачыў пазіцыю фарысеяў і кніжнікаў, якія абураліся і наракалі на Езуса, гаворачы, што “гэты чалавек – небяспечны”, есць з мытнікамі і грэшнікамі, “абражае Бога, зневажае таямніцу прарока, каб наблізіцца да гэтых людзей”. Езус - падкрэсліў Папа, - лічыў гэта, “музыкай крывадушнасці”, таму і даў такі адказ. “На нараканні Ён адказаў радаснай прыпавесцю”, - дадаў Францішак. У гэтым, паводле яго, самае галоўнае пасланне – “радасць Бога, якому не падабаецца губляць”, Які не з’яўляецца “няўдачнікам” і, каб не губляць, выходзіць на пошук. “Ён Бог, Які шукае – шукае ўсіх тых, хто знаходзіцца далёка ад Яго. Як пастыр, што ідзе шукаць згубленую авечку”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, гэта ўласціва Богу – “ісці і шукаць”, “запрашаць на святкаванне ўсіх, добрых і злых”. “Ён не церпіць згубы кагосьці са сваіх. Аб гэтым Ён таксама будзе маліцца ў Вялікі Чацвер: “Ойча, прашу, каб не згубіўся ніхто з тых, каго Ты Мне даверыў”. Ён Бог, які крочыць шукаючы нас і мае пэўную слабасць любові да тых, якія аддаліліся, якія згубіліся. Ідзе і шукае. А як шукае? Шукае аж да канца, як пастыр, які выходзіць у цемру і шукае, пакуль не знойдзе; ці як жанчына, якая згубіўшы драхму, запальвае лямпу, вымятае дом і шукае пільна. Так шукае і Бог: “Гэта сын Мой. Не хачу яго згубіць”. Такі наш Айцец: заўсёды шукаючы нас”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, калі Бог знаходзіць згубленую авечку і вяртае яе ў статак, ніхто не павінен казаць на яе: “ты згубленая”, але – “ты адна з нас”, таму што Бог цалкам вярнуў ёй годнасць.

“Радасць Бога не ў смерці грэшніка, а ў яго жыцці (...). Якімі далёкімі былі тыя людзі, што наракалі на Езуса, якімі далёкімі яны былі ад Божага сэрца. Не ведалі Яго”, - сказаў Францішак і дадаў, што Бог любіць нас, гатовы шукаць і вяртаць дамоў, нават калі мы – грэшнікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.