2013-11-07 10:46:21

Святы Пасад патлумачыў католікам у ЗША пазіцыю па Меджугор’і


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца рэкамендавала амерыканскім католікам дыстанцавацца ад культа, звязанага з так званымі аб’яўленнямі ў Меджугор’і. Згодна з паведамленнем амерыканскага каталіцкага інфармацыйнага агенцтва (CNA), Апостальскі нунцый у ЗША арцыбіскуп Карла Марыя Вігано накіраваў ліст да епіскапату краіны, нагадаўшы, што Кангрэгацыяй Веравучэння не была пацверджана сапраўднасць і звышнатуральнасць аб’яўленняў, якія адбываюцца да гэтага часу. Адсюль вынікае, што святары і вернікі не маюць права браць удзел у сустрэчах, канферэнцыях або публічных святкаваннях, на якіх сапраўднасць падобных “аб’яўленняў” сцвярджаецца як здзейснены факт, гаворыцца ў лісце.

Арцыбіскуп Вігано паведаміў, што напісаў ліст па просьбе арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. Падставай для яго стала абвяшчэнне лекцыйнага тура па Злучаных Штатах меджугорскага візіянера Івана Драгічэвіча.

Трэба адзначыць, што ў 1996 г. Апостальская Сталіца выдала спецыяльны дакумент з тлумачэннямі адносна справы Меджугор’я. У ім падкрэсліваецца, што канчатковае рашэнне аб сапраўднасці аб’яўленняў яшчэ не прынята і даследаванні ў гэтай справе працягваюцца. Акрамя таго, Святы Пасад не забараняе прыватных пілігрымак ў Меджугор’е. Але яны павінны адбывацца ў суправаджэнні святароў, для аказання душпастырскай дапамогі вернікам. Гэтыя пілігрымкі не павінны быць звязаны з ушанаваннем месцаў аб’яўлення Панны Марыі, бо іх сапраўднасць не пацверджана Касцёлам, але выключна з ушанаваннем самой Панны Марыі, што не супярэчыць каталіцкаму навучанню. Прыватнымі пілігрымкамі з’яўляюцца тыя, якія арганізаваны самімі вернікамі ці свецкімі ўстановамі.
Каб паглыбіць даследаванне ў справе аб’яўленняў у Меджугор’і, баснійскі епіскапат у 2010 г. звярнуўся да Папы з просьбай стварыць спецыяльную камісію ў Кангрэгацыі Веравучэння. Яе ўзначаліў кардынал Каміла Руіні, а сярод членаў ёсць як кардыналы, біскупы і святары, так і свецкія спецыялісты ў розных галінах навукі і медыцыны. У снежні 2012 г. яны прадставілі Святому Айцу справаздачу аб сваёй дзейнасці, але пакуль не з’явілася ніякіх новых афіцыйных паведамленняў і тлумачэнняў адносна справы Меджугор’я.







All the contents on this site are copyrighted ©.