2013-11-07 11:58:45

Вэб-майстар: з абраннем Францішка ватыканскія інтэрнэт-рэсурсы сталі больш папулярнымі


RealAudioMP3 Ватыкан прысутнічае ў інтэрнэце з 1995 г., а на сённяшні дзень Апостальская Сталіца мае каля 30 сайтаў з даменам вышэйшага узроўню “.va”, яшчэ 10 знаходзяцца на стадыі распрацоўкі, распавёў кс. прэлат Лучыа Адрыян Руіз кіраўнік Ватыканскай інтэрнэт службы. 48-гадовы аргентынскі святар працуе ў Ватыкане з 1997 г. Ён пачынаў сваю працу ў Кангрэгацыі па справах Духавенства, для якой стварыў сайт www.clerus.org, і курыраваў тэхнічныя аспекты арганізацыі інтэрнэт-канферэнцый для тэолагаў з розных краін свету. У інтэрв’ю італьянскай “La Stampa” ватыканскі вэб-майстар расказаў, што структура, якую ён узначальвае, займаецца тэхнічным абслугоўваннем сайтаў Апостальскай Сталіцы, іх праектаваннем і стварэннем, а таксама клапоціцца аб доступе да інтэрнэта ватыканскіх устаноў.

“Мы з’яўляемся пэўнага кшталту рукамі, нагамі і лічбавым голасам Пантыфіка. Але дзеля лічбавай прысутнасці Папы мы працуем не ў адзіноце. Нас цэлая сям’я: Папская рада па сродках масавай камунікацыі, Зала Друку, Ватыканскі тэлевізійны цэнтр, Ватыканскае радыё, “L’Osservatore Romano”, - падзяліўся святар. Ватыканская інтэрнэт служба клапоціцца пра тэхнічныя пытанні, звязаныя з прысутнасцю гэтых СМІ ў вэб-прасторы.

Галоўным выклікам кс. Руіз лічыць “пераклад” на тэхналагічную мову “навучання, паслання і пяшчоты Папы”. Гэта праца здзяйсняецца супольна са шматлікімі інжынерамі, тэхнікамі і іншымі ватыканскімі медыя.

Паводле святара, самымі папулярнымі інтэрнэт-старонкамі Апостальскай Сталіцы з’яўляецца сайт www.vatican.va, які змяшчае каля 500 тыс. старонак навучання Пантыфікаў, і сайт-дайжэст www.news.va, якім займаецца Папская рада па сродках масавай камунікацыі.

Кс. Руіз адзначыў, што колькасць інтэрнэт-наведванняў павялічваецца, калі ў Ватыкане адбываюцца нейкія значныя падзеі. Напрыклад, падчас беатыфікацыі Яна Паўла ІІ толькі за два дні ватыканскія сайты праглядзела каля 12 млн. інтэрнэт-карыстальнікаў.

Паводле святара, “папулярнасць” інтэрнэт-рэсурсаў Апостальскай Сталіцы значна павялічылася з абраннем папы Францішка. Людзі пераважна шукаюць здымкі з падзей і словы Папы, падзяліўся святар і дадаў, што ў сувязі з гэтым за апошні год прыйшлося ўзмоцніць інтэрнэт-сістэму Святога Пасаду ў 10 разоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.