Ватыканскі прэлат: рэлігія – гэта фактар, які ўплывае на грамадскую дыскусію
У сучасным свеце адбываецца
маргіналізацыя веры, перакананы кс. Джузэпэ Скоцi, дапаможны сакратар Папскай рады
па сродках масавай камунікацыі. Ён выступіў у польскім Быдгашчы, дзе 7-8 лістапада
2013 г. праходзіць міжнародны форум “Адзін свет – шмат культур”. Прэлат з’яўляецца
старшынёй Ватыканскага фонду “Ёзаф Ратцынгер - Бэнэдыкт XVI”, аднаго з арганізатараў
канферэнцыі. Паводле святара, у глабалізаваным свеце вера знаходзіцца пад сур’ёзнай
пагрозай. Існуюць меркаванні, што яна належыць выключна да прыватнай сферы і не мае
ніякіх спасылак на грамадскае жыццё.
Ватыканскі госць адзначыў, што наша культура
страціла здольнасць бачыць прысутнасць Бога і Яго працу ў свеце, але з іншага боку,
нельга адмаўляць, што менавіта хрысціяне вызнаюць канкрэтную і магутную любоў Бога,
якая сапраўды дзейнічае ў гісторыі і вызначае яе канчатковы лёс. Менавіта таму, па
словах кс. Скоці, рэлігія сёння з’яўляецца фактарам, які ўплывае на грамадскую дыскусію.
У гэты асаблівы час глабалізацыі, культура і гісторыя неабходныя, “каб зразумець і
дзейнічаць ля крыніц складаных сітуацый”, адзначыў ватыканскі прэлат.
У сімпозіўме
на тэму “Евангеллі: гісторыя і хрысталогія. Даследаванні Ёзэфа Ратцынгера” прымаюць
удзел 450 чалавек з больш чым 100 універсітэтаў.