2013-11-06 11:20:04

Адкрыцца на еднасць з Богам у сакрамэнтах, харызматах і любові


RealAudioMP3 Адзінства паміж хрысціянамі ўзрастае праз удзел у духоўных дабротах, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 6 лістапада 2013 г. Менавіта еднасці ў “святых рэчах”, да якіх адносяцца сакрамэнты, харызматы і любоў, прысвяціў сваю катэхезу Папа. Звяртаючыся да сабраных на плошчы св. Пятра, ён адзначыў, што дзякуючы сакрамэнтам, кожны мае магчымасць сустрэць Хрыста і яднацца з Ім і паміж сабой. Сакрамэнты – не проста абрады, але сіла Хрыста, таму што сам Езус прысутны ў іх, адзначыў Францішак. “Кожная сустрэча з Хрыстом, які ў сакрамэнтах нам дорыць збаўленне, запрашае нас “ісці” і перадаваць іншым збаўленне, якое змаглі ўбачыць, дакрануцца, сустрэць, прыняць; яно па-сапраўднаму пераканаўчае, таму што з’яўляецца любоўю. Таму сакрамэнты падштурхоўваюць нас быць місіянерамі, а апостальскае намаганне несці Евангелле ва ўсе асяроддзі, нават у самыя варожыя – гэта самы сапраўдны плён руплівага сакрамэнтальнага жыцця, таму што з’яўляецца ўдзелам у збаўчай ініцыятыве Бога, які хоча ўсім падарыць збаўленне. Ласка сакрамэнтаў насычае ў нас моцную і радасную веру, здольную здзіўляцца Божым “цудам” і супрацьстаяць ідалам свету”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што важна прыступаць да камуніі і споведзі, удзяляць дзецям хрост у раннім узросце, прымаць сакрамэнт бежмавання, “таму што прысутнасць Езуса Хрыста ў нас дапамагае нам” і “дазваляе расці Касцёлу”.

Гаворачы пра еднасць харызматаў, Пантыфік патлумачыў, што Святы Дух раздае “фантастычнае” багацце дароў і ласкаў, якія служаць умацаванню Касцёла. Паводле Папы, харызматы даюцца не для дабра тых, хто іх атрымлівае, але на карысць усяго народа Божага.

“Харызматы – гэта асаблівыя ласкі, дадзеныя некаторым, каб рабіць дабро іншым. Гэта здольнасці, натхненні і ўнутраныя памкненні, якія нараджаюцца ў сумленні і досведзе пэўных асоб, пакліканых паставіць іх на служэнне супольнасці. Асаблівым чынам гэтыя духоўныя дары служаць дзеля святасці Касцёла і яго місіі. Мы ўсе пакліканы паважаць іх у нас і іншых, прымаць як стымулы для прысутнасці і плённай дзейнасці Касцёла. Св. Павел папярэджваў: “Духа не гасіце”, - нагадаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, харызматы важныя ў жыцці хрысціянскай супольнасці, але яны з’яўляюцца толькі сродкам, каб узрастаць у любові. Менавіта па любові язычнікі распазнавалі першых хрысціян і без любові нават “самыя незвычайныя дары – пустыя”. На думку Францішка, нават найменшы з нашых жэстаў любові, прыносіць добрыя плёны для ўсіх.

“Таму жыць адзінствам Касцёла і еднасцю любові, азначае не шукаць уласнай выгады, але падзяляць пакуты і радасць братоў, будучы гатовымі несці цяжар самых слабых і бедных. Гэта братэрская салідарнасць не з’яўляецца рытарычным вобразам, спосабам прамаўлення, але неад’емнай часткай еднасці паміж хрысціянамі. Калі жывем ёй – з’яўляемся ў свеце знакам, “сакрамэнтам” любові Божай. З’яўляўмся гэтым адно для аднаго і для ўсіх! Гаворка не ідзе пра дробязную любоў, якую можам дарыць сабе ўзаемна, але пра нешта больш глыбокае: гэта адзінства робіць нас здольнымі ўвайсці ў радасць і боль іншых, каб шчыра аб’яднацца з імі”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што часта хрысціяне замест братэрства параказваюць кепскі настрой, холаднасць, эгаізм. Паводле Папы, з імі немагчыма будаваць Касцёл. “Пан запрашае нас адкрыцца на еднасць з Ім у сакрамэнтах, харызматах і любові, каб годна жыць нашым хрысціянскім пакліканнем”, - сказаў ён.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што лістапад у Каталіцкім Касцёле традыцыйна прысвечаны ўспаміну і малітве за памерлых. Паводле Святога Айца, гэта дае нагоду глыбока паразважаць над значэннем нашага зямнога існавання і каштоўнасцю вечнага жыцця. Ён заклікаў памятаць, што жыццё мае каштоўнасць тады, калі пражываем яго любячы Бога і бліжняга.








All the contents on this site are copyrighted ©.