2013-11-05 16:00:35

“Што значыць верыць?”. Прычыны абвяшчэння “Года веры”


Мы распачынаем цыкл радыё-спатканняў, прысвечаных Году веры. Як ведаем, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI звярнуўся з заклікам да Паўсюднага Касцёла, каб час ад 11 кастрычніка бягучага года да 24 лістапада 2013 года прысвяціць глыбейшаму асэнсаванню і актывізацыі нашай веры.

Знешняй нагодай да абвяшчэння Года веры сталі знакамітыя юбілеі. Роўна 50 гадоў таму Папа Ян XXIII 11 кастрычніка распачаў Другі Ватыканскі Сабор, які адыграў велізарную ролю ў найноўшай гісторыі Касцёла і свету. Не менш важнай нагодай да рэфлексіі над верай стаў другі юбілей. Якраз 20 гадоў таму Папа Ян Павел II абвясціў апублікаванне Катэхізма Каталіцкага Касцёла. Ад таго часу гэты дакумент стаў настольнай кнігай соцен мільёнаў католікаў ва ўсім свеце і з’яўляецца адкрытым і выразным сведчаннем таго, у што і як мы верым. Усе гэтыя вялікія юбілеі становяцца адмысловай знешняй нагодай, каб задумацца над пладамі Сабору, а таксама аб дары Вялікага Катэхізма.

Але ёсць яшчэ іншая, духоўная прычына неабходнасці Году веры. Не сакрэт, што многія хрысціянскія краіны свету перажываюць апошнім часам не толькі эканамічны, але і духоўны крызіс, які непасрэдна закранае нашую веру. Крыніцы такога стану крыюцца ў праблемах, якія перажывае сучасны свет. Перадусім звяртае на сябе ўвагу справа секулярнай ідэалогіі, якая разбіла жыццё чалавека на дзве супрацьлеглыя часткі: святую і грэшную, зямную і духоўную. Пад уплывам гэтага светапогляду многія сучасныя вернікі былі пастаўленыя ва ўмовы жыццёвага дуалізму. Часта яны вымушаныя суіснваць у дзьвух амаль дыяметральна розных рэчаіснасцях: свеце спажывецкасці, зацыкленасці на матэрыяльным і свеце духа, скіраваным на вышэйшыя каштоўнасці. Секулярызм намагаецца разбіць жыццё чалавека, супрацьпаставіць разбітыя часткі, каб у выніку замкнуць чалавека толькі на матэрыялістычным узроўні, адсякаючы яго ад Бога.

Другая ўнутраная праблема, якая моцна ўплывае на духоўны стан сучаснага верніка – гэта эпоха постмадэрнізму. Яна характэрызуецца недаверам і пагардай да разумнасці, адэкватнасці. Гэтая дамінуючая ў сучасным свеце культурная плынь імкнецца сканцэнтраваць чалавека на тым, што іррацыянальнае: эмоцыі, забыццё, бязлад, барацьба з традыцыямі мінулага. Для людзей, адкрытых як на звышнатуральнасць, так і постмадэрнізм, іррацыянальны падыход да жыцця азначае безкрытычнае прыняцце ўсяго духоўнага, незалежна, паходзіць яно ад Бога ці ад злога духа, які хаваецца за тысячамі масак альтэрнатыўнай рэлігійнасці.

Постмадэрнісцкае адкідванне вяршэнства розуму прыводзіць у выніку да рэлятывізму на ўсіх узроўнях жыцця чалавека. Усё лічыцца суб’ектыўным і адносным. Такім чынам адносіны да Бога і Касцёла становяцца рэлятыўнымі, залежнымі ад выгады і ўпадабанняў. Дзіця постмадэрнізма не верыць у аб’ектыўнасць, яно выбірае з каталіцкай веры тое, што яму ў дадзеную хвіліну падабаецца. І яно не жадае ўсведамляць, што фактычна сябе паставіла на месца Бога. Бо ўжо не Пан Бог, але чалавек сам для сябе вызначае, што і як ёсць і павінна быць. Адзінай рацыяй такога стану рэчаў становіцца інфантыльнае чалавечае: “бо мне так хочацца”.

На фоне гэтых вялікіх хваробаў сучасных грамадстваў не перастае гучаць голас Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Папа кліча католікаў перагледзець сваё стаўленне да веры: сколькі там слухання Бога, а сколькі ўплыву гэтага свету. Гэта цэнтральнае пытанне хрысціянства, да якога мы будзем часта вяртацца ў нашых перадачах, слухаючы голас Папы і разважаючы над актуальным станам нашага духа.

На завяршэнне нашага першага спаткання з цыклу разважанняў аб веры, хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адну знакавую падзею апошніх дзён. 4 кастрычніка адбылася пілігрымка Папы Бэнэдыкта ў Ларэта, дзе знаходзіцца перавезеная з Назарэта хаціна, у якой, як кажа традыцыя, пражывала Найсвяцейшая Дзева Марыя. Святы Айцец выбраўся ў пілігрымку да гэтага санктуарыя Багародзіцы, каб прысвяціць Год веры яе Матчынай апецы. Гэты жэст Святога Айца навязаў таксама да памятнай гадавіны распачацця Другога Ватыканскага Сабору. 4 кастрычніка 1962 г. Папа Ян XXIII таксама прыехаў у Ларэта, каб даверыць апецы Маці Божай справу Сабору.

Бэнэдыкт XVI падчас сёлетняга наведвання санктуарыя і малітвы перад распачаццем Года веры заклікаў вернікаў прыйсці ў “школу Марыі”. У таямніцы Марыі, паводле Святога Айца, крыецца ключ да аздараўлення нашай веры і адносінаў з Богам і бліжнім. У свеце, які так моцна замыкае чалавека на самім сабе, паўстае жыццёвая неабходнасць выйсці па-за, адкрыцца на тую сістэму каардынат, якую прапаноўвае нам Пан Бог. Між іншым Пантыфік падкрэсліў: “Чалавеку неабходна вярнуцца да Бога, каб чалавек зноў стаў чалавекам”. Марыя, заступніца Года веры, з’яўляецца жывым сведчаннем таго, што давер да Бога, калі ён мацнейшы за ўсе нашыя страхі і незразуменні, адкрывае нас на вялікія планы Бога адносна нашага збаўлення.

Няхай надыходзячы Год веры стане для нас часам сур’ёзнага паглыблення нашых адносінаў з Богам. Будзем спадзявацца, што нашыя спатканні ў эфіры Ватыканскага радыё прычыняцца да аднаўлення і больш свядомага перажывання скарбу каталіцкай веры.

кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.