2013-11-05 16:01:21

Што значыць верыць? Чым і як заспакойваць голад душы?


У эфіры нашых перадач мы разважаем пра феномен веры. На чым яна грунтуецца? Ад чаго яна залежыць? Што зрабіць, каб вера была праўдзівай і моцнай? На гэтыя і падобныя пытанні шукаем адказу што два тыдні ў адмысловай рубрыцы, прысвечанай Году веры.

Сёння запрашаю паназіраць за тым, якім чынам людзі заспакойваюць свае рэлігійныя патрэбы і з якіх крыніц кормяць свой дух. У мінулых перадачах мы гаварылі пра тое, што кожны чалавек па сваёй прыродзе створаны такім, што ён прагне Бога. Вядома, што розныя людзі гэты голад Бога, як акрэслівалі яго старажытныя айцы Касцёла, называюць па-рознаму. Адныя, адкрываючы ў сабе нейкае прагненне душы, лічаць гэта проста духоўнымі патрэбамі, не задумваючыся, на чым яны асноўваюцца. Іншыя акрэліваюць голад Бога паняццем эстытычных патрэбаў або імкненнем да чагосьці вышэйшага. Ёсць і такія, якія мяркуюць, што чалавек проста імкнецца спазнаць усё патаемнае, нязведанае, пераўзысці дасягнутае. Але ніхто з іх не можа адказаць на пытанне: адкуль у чалавека гэтае імкненне і чаму ён мае ненасычальны голад чагосьці, што цяжка назваць і немагчыма заспакоіць у гэтым свеце? Для хрысціянаў адказ відавочны: за кожным прагненнем чагосьці вышэйшага праяўляецца туга чалавечага сэрца па Богу – Найвышэйшаму, Бяздоннаму, Творчаму, заўсёды новаму і бясконца Любячаму.

Жаданне Бога ў жыці сучаснага чалавека часта прыцьмяваецца прымітыўнымі замяняльнікамі, сурагатамі, якія імкнуцца заспакоіць высокія духоўныя патрэбы прыземнымі і псеўда-духоўнымі рэчамі. Напрыклад, для тых хто жадае знайсці адказ на пытанне аб тым, як правільна паступаць, каб жыццё мела сэнс і было шчаслівым, прадстаўнікі псеўда-духоўнасці адразу падсоўваюць прымітыўныя адказы: гараскоп, гаданні, сеансы ў варажбітак. Калі нейкая асоба бачыць, што звычайная медыцына не спраўляецца з яго хваробамі, праблемамі душы і цела, тут жа яму прапаноўваюць свае паслугі экстрасенсы, энергатэрапеўты, кантакцёры з патаемнымі сіламі. Выстрайваецца цэлая чарга аздаравіцеляў, якія наперабой прапаноўваюць свае паслугі, толькі каб не дапусціць да сустрэчы кліента з адзіным сапраўдным і наймагутнейшым Аздаравіцелем – Панам Богам.

Сучасны чалавек настолькі акружаны шарлатанамі і паразітамі на духоўнасці, што яму вельмі складана сярод гэтых замяняльнікаў і падманак распазнаць Бога - адзінага і сапраўднага Лекара, Суцяшыцеля і Крыніцу здароўя, шчасця і сэнсу жыцця. Больш таго, тыя, хто імкнецца зрабіць бізнес на духоўных патрэбах чалавека, робяць усё, каб ачарніць Бога і Яго Касцёл – канкрэтную і правераную вякамі надзейную прастору Збаўлення. Яны ствараюць уяўленне аб Пану Бога як далёкім, непазнавальным, недаступным або абыякавым. А паслугі злых духаў і іх пасобнікаў наадварот пазіцыяніруюць як найлепшыя, усемагутныя і эфектыўныя. У інфармацыйнай прасторы праўдзівы голас Бога і Яго Касцёла заглушаецца стракатаннем шаманаў, ведзьмароў у белых халатах, гадалак, акультыстаў і майстраў падману.

Часам складваецца ўражанне, што хрысціянам варта павучыцца запалу ў непрыяцеляў Хрыста, як яны дбаюць аб сваім бізнесе. Пра гэта казаў Сам Езус, дакараючы апосталаў у слабой руплівасці аб пашырэнні Евангелля.

У Беларусі, дзе 96% працэнтаў насельніцтва лічыць сябе веруючымі і ў абсалютнай большасці – хрысціянамі, квітнее рынак псеўда-духоўных тавараў. На вакзалах, кнігарнях, кіёсках ажно старкаціць ад грубых замяняльнікаў духоўнасці. Адзіны ратунак ад гэтай фальшы – моцны кантакт з праўдзівай і надзейнай крыніцай – Богам у канкрэтнай прасторы Ягонага Касцёла.

Менавіта таму Святы Касцёл, кіруючыся Боскай мудрасцю, няспынна навучае сваіх сыноў і дачок, што пазнаванне і паглыбленне веры – гэта жыццёвая неабходнасць чалавека. Практычна яна выражаецца ў абавязковым наведванні катэхетычных заняткаў, актыўным удзеле ў св. Імшы, святых сакрамэнтах, разнастайных духоўных мерапрыемствах. Фактычна ўсё жыццё Касцёла скіраванае на тое, каб хрысціянін не падманваўся ілюзіяй самазбаўлення, але адкрыў, што ўся яго моц, мудрасць і шчасце асноўваецца на верным і трывалым кантакце з Жывым і Любячым Богам.

Кс. Андрэй Рылка







All the contents on this site are copyrighted ©.