2013-11-05 16:00:53

Што значыць верыць? Роля чалавечай прыроды ў веры


У нашых мінулых перадачах мы звярнулі ўвагу на тое, што чалавечая здольнасць давяраць з’яўляецца натуральнай асновай рэлігіі. Але адной нават найлепшай уласцівасці людской прыроды не дастаткова, каб распачаць рэальны дыялог з Богам. Сапраўдная рэлігійная вера патрабуе асабістага спаткання стварэння са Створцам, чалавека з Богам. Каб гэта стала магчымым, Пан Бог выйшаў насустрач чалавеку, Аб’явіўся ў гісторыі гэтага свету. Вядомае сёння са старонак Святога Пісання Божае Аб’яўленне з’яўляецца найважнейшай крыніцай хрысціянскай веры. Бо тое, што мы ведаем пра Бога – гэта Яго бескарыслівы дар, Яго Адкрыццё. Уся спадчына хрысціянскай думкі і пісьменства – гэта толькі спроба зразумець і іншымі словамі выразіць тое, што ўжо сказанае Богам у Яго Слове.

Яшчэ ў хрысціянскай старажытнасці першыя Айцы Касцёла заўважылі, што нашая вера ў пошуках зразумення Божага Аб’яўлення імкнецца выкарыстаць усе дадзеныя чалавеку натуральныя здольнасці: розум, волю, пачуцці і гэтак далей. На аснове гэтых назіранняў сярэднявечныя тэолагі і святыя напісалі шмат твораў, у якіх разважалі аб тым, як гэтыя ўласцівасці чалавечай прыроды могуць успамагаць і перашкаджаць у веры, у кантакце з жывым Богам.

Сярод найважнейшых уласцівасцей чалавека, якія ўплываюць на нашую здольнасць верыць, тэолагі выдзялілі інтэлект, волю, пачуцці і магчымасць да кантакту са звышнатуральнасцю. Кожная з гэтых уласцівасцей нясе ў сабе велізарны шанец.

Дзякуючы інтэлектуальным здольнасцям мы можам рацыянальна абгрунтоўваць хрысціянскую веру, паддаваць свае суб’ектыўныя рэлігійныя перакананні аб’ектыўнай крытыцы законаў логікі. Вартасць разумнай веры найбольш яскрава заўважаецца пры сутыкненні з яе адваротнасцю - цемрашальствам, забабонамі, сляпой і замкнёнай рэлігійнасцю. Нездарма Святы Тамаш Аквінскі ў сваёй знакамітай “Суме тэалогіі” пісаў, што “вера – гэта акт розуму, перакананага ў Божай праўдзе загадам волі, якая была парушаная ласкай Бога”. Аўтар прызнае паходжанне веры ад Бога, але называе яе інтэлектуальным актам чалавека. Сапраўдная вера не можа быць супярэчная з розумам. І наадварот – розум, вольны ад забабонаў і ідэалагічных абмежаванняў, заўсёды будзе гарманіраваць з верай.

Тое самае датычыць і валітыўнай сферы чалавека. Як бы разумнай не была вера, але калі яна бязвольная, то не будзе мець ані выразу, ані дзеяння. Менавіта дзякуючы вольнай волі нашай натуры мы здольныя не толькі ўспрымаць на інтэлектуальным узроўні праўды веры, але і ажыццяўляць тое, што ведаем.

Пазнанне і памкненне чалавечага розуму і волі знаходзіць свой непаўторны выраз у сферы пачуццяў. Менавіта яны прыдаюць нашай веры жывы і асабісты характар. У многім дзякуючы сферы пачуццяў вера ўзбагачаецца надзеяй і любоўю. Апошняя прыводзіць нас да вяршыні адносінаў з Богам. Бязмежная любоў да Бога пераўзыходзіць законы прыроды. Яна ўзнімае чалавека на звышнатуральны ўзровень духоўнага кантакту і з’яднання з Панам, якога той адкрывае як абсалютную Любоў.

Увесь гэты неверагодны патэнцыял, закладзены Богам у чалавечую прыроду, дапамае нам пазнаць Яго і палюбіць. Аднак кожны дар, калі ён выкарыстоўваецца ў адарванні ад Пана Бога, ператвараецца ў пракляцце, неўтаймаваную разбуральную сілу. Так дар розуму, калі ён пачынае дамінаваць у веры, нясе ў сабе пагрозу так званага інтэлектуалізму. Перабольшванне ролі волі нараджае небяспечны рэлігійны валюнтарызм. Захапленне эмацыянальным перажываннем у веры генерыруе шкодны сентыменталізм. А зацыкленасць на звышнатуральнасці прыводзіць да небяспечнай з’явы так званага супранатуралізму.

У нашых наступных перадачах мы пастараемся паназіраць за тым, якія пагрозы і шанцы адкрывае перад нашай верай кожная з вышэй узгаданых уласцівасцей чалавечай прыроды.

кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.