2013-11-05 16:01:01

Што значыць верыць? Навошта веры разумнасць?


У папярэдняй перадачы мы пачалі размову пра тое, што вельмі важнае значэнне ў рэлігійным жыцці чалавека адыгрывае інтэлектуальная сфера. Мы ўзгадалі пра тое, што Папа Ян Павел ІІ прысвяціў адносінам паміж верай і розумам спецыяльны дакумент – энцыкліку “Fides et ratio” (“Вера і розум”).

Сёння мы працягнем гаворку пра ролю розуму ў веры. Пастараемся прасачыць, адкуль увогуле ўзялося меркаванне аб супярэчнасці і непагаджальнасці веры і розуму. Гэтае назіранне можа дапамагчы нам асэнсаваць феномен нібыта інтэлігентных людзей, якія не жадаюць адкрыцца на Бога.

Калі б мы правялі апытанне сярод атэістаў і людзей знеахвочаных да веры і спыталіся аб іх уяўленнях аб Богу, то адкрылі б адну заканамернасць. Большасць асобаў ставяцца негатыўна або абыякава да веры таму, што носяць у сваёй свядомасці скажоны, непраўдзівы вобраз рэлігіі і Касцёла ў прыватнасці. Гэтая праблема датычыць не толькі звычайных абывацеляў, але і сусветна вядомых крытыкаў рэлігіі, такіх як Карл Маркс, Фрыдрых Ніцшэ ці Уладзімір Ленін. Часам здзіўляе, што паралельна з імі жылі вялікія вучоныя і мысліцелі, якія былі глыбока рэлігійнымі асобамі: Мендэль, Ламаносаў або Эйнштэйн. Кожны з іх лічыў сябе разумным і меў свае рацыі адносна рэлігіі. Дык чым жа адрозніваецца разумнасць веруючых і няверуючых?

Разумнасць хрысціянскай веры апіраецца на тым, што кожная рэч у свеце мае сваю прычыну (рацыю) існавання. А атэісты прызнаюць толькі тое, што чалавек можа пазнаць з дапамогай пяці фізічных органаў пачуццяў. Верючы шукае канчатковага выяснення: чаму і для чаго ўсё ёсць. Няверуючы задавальняецца межамі зямнога жыццёвага вопыту. Рэлігійны чалавек у сваіх інтэлектуальных пошуках не баіцца выйсці па-за сферу прыроды. А атэіст прынцыпова абмяжоўваецца толькі яе граніцамі. Для веруючага чалавека ўсё мае сваю прычыну. А тую канчатковую рацыю быцця ён знаходзіць у Богу. А для бязбожніка – кожнае паняцце, якое не даступнае фізічнаму пазнанню – гэта фантазія. Розум веруючага даходзіць да таго, што свет без Бога быў бы абсурдам. А для няверуючага абсурд – гэта проста мяжа пазнання.

Калі б хрысціянства апіралася толькі на разумовыя магчымасці чалавека, то яно было б бясконцым пошукам рацый і аргументаў. Яно спакойна магло б прэтэндаваць на ролю прыгожай, карыснай і высока інтэлектуальнай тэорыі. Аднак рацыянальнасць каталіцкай веры - гэта нешта намнога большае, чым звычайны пошук чалавечага розуму. Хрысціянства – гэта Аб’яўленне разумнага Бога разумнаму чалавеку. Пан Бог выйшаў насустрач чалавеку з канкрэтным Пасланнем. А дзякуючы таму, што Ён стварыў нас упадабнёнымі да Сябе, гэта значыць здольнымі да рацыянальнага мыслення, мы можам уступаць з Богам у дыялог, пазнаваць Яго і асэнсоўваць пазнанае. Менавіта таму надзвычай важную ролю ў хрысціянстве адыгрывае Святое Пісанне, якое навечна адбіла ў сабе інтэнсіўнасць і глыбіню моцнага і шматграннага Божага Аб’яўлення. Яго вяршыняй стала тое, што Слова Бога сталася Целам. Бог увайшоў у самую гушчу чалавечай гісторыі, каб прынесці праўду і Збаўленне. Як выказаўся хтосьці са старажытных святых, Бог напісаў нам пісьмо і Сам яго прынёс. Пасля Аб’яўлення Хрыста Пан Бог чакае ад кожнага чалавека асабістага адказу на Яго Пісьмо і сведчанне. Ён жадае быць спазнаны. Ён усё для гэтага нам даў: розум, здольнасць разважаць, рабіць вывады і дзейнічаць.

У хрысціянскай перспектыве разумнасць чалавека разглядаецца як велізарны і неабходны дар – упадабненне да Бога. Дзякуючы гэтаму дару чалавек можа чытаць, як казалі сярэднявечныя тэолагі, дзве кнігі, праз якія яму аб’яўлецца Бог: Святое Пісанне і прыроду. Таму Касцёл напрацягу ўсёй сваёй гісторыі заклікае людзей не супрацьпастаўляць веру і розум, Божае Аб’яўленне і чалавечы вопыт. Але карыстаючыся багаццем разнастайных крыніц пазнання адкрываць усю прыгажосць і шматграннасць рэчаіснасці, якую Бог пажадаў нам даць, каб мы Яго пазналі і палюбілі.

Кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.