2013-11-05 16:00:41

Што значыць верыць? Звышнатуральнасць сапраўднай веры


У мінулай перадачы мы звярнулі ўвагу на тое, што адносіны чалавека з Панам Богам вельмі моцна абумоўленыя здольнасцю давяраць. Іншымі словамі – рэлігійная вера ў Бога пачынаецца з натуральнай веры, даверу да блізкай асобы.

Сёння я хацеў бы запрасіць вас, каб мы паназіралі за тым, што ж такое звышнатуральная вера? Чым яна адрозніваецца ад звычайнага даверу да чалавека?

У першую чаргу варта заўважыць, што гэтай тэме шмат увагі ўдзяляе Святое Пісанне. Напрыклад у Пасланні да Габрэяў святы апостал Павел піша: “Вера – гэта здзяйсненне чаканага і ўпэўненасць у нябачным” (Габр 11, 1). Звышнатуральная вера перад усім з’яўляецца дарам Бога. Гэта ласка Пана. Але яе эфектыўнасць залежыць ад таго, наколькі чалавек адктыры на яе прыняцце і дзеянне. Таму ў хрысціянскай духоўнасці так шмат увагі ўдзяляецца натуральным здольнасцям чалавека. Бо ад нашай паставы, адкрытасці на Бога, залежыць, як моцна будзе дзейнічаць ласка.

У практыцы дзеянне ласкі абумоўліваецца тым, што вернік успрымае слова Бога не як чалавечае слова, але як звышнатуральнае Аб’яўленне, нейкае адкрыццё. На гэтае адрозненне паміж верай у чалавека і верай у Бога звярталі ўвагу яшчэ першыя хрысціяне. Між іншым апостал Павел у Пасланні да Тэсаланікійцаў пісаў: “Мы няспынна дзякуем Богу, бо калі вы прынялі ад нас Божае слова, то прынялі яго не як чалавечае слова, але, як ёсць на самой справе, як слова Бога, які дзейнічае ў вас – веручых” (1 Тэс 2, 13).

Праблема, якую закранае апостал, звязаная з тым, што людзі часта рэлігійную веру асноўваюць на даверы да нейкага зямнога аўтарытэта. Напрыклад, вераць у Бога, бо ім падабаецца святыня гэтай канфесіі, цырымоніі, музыка або святар. Атрымліваецца, што адносіны да Бога ў такіх людзей залежаць ад нейкіх знешніх фактараў: эстэтыкі, псіхалогіі ці архітэктуры. Калі такая нібыта веруючая асоба трапляе ў іншае месца, дзе тая самая канфесія, але неспрыяльная псіхалагічная, эстэтычная ці матэрыяльная сітуацыя, то яе вера губляецца… Паўстае пытанне: на чым грунтавалася вера гэтай асобы? Яна была заснаваная на Створцы, ці на стварэнні?

Касцёл разумее праблемы так званага “чалавечага фактара”, таму прапаноўвае іншы шлях. Трэба імкнуцца да таго, каб вера ў Бога апіралася не на зямныя аўтарытэты, але наадварот. Католік паслухмяны зямным аўтарытэтам таму і на столькі, насколькі яны выражаюць веру і волю аб’яўленую Богам. Католікі шануюць і выконваюць волю касцёльных уладаў не таму, што ім падабаецца выгляд ці характар нейкага іерарха. Не. Вернік слухае біскупа і святара таму, што той верна абвяшчае людзям Божую волю і раздае Яго дары ў святых сакрамэнтах і праз пастырскае служэнне. Верагоднасць і моц касцёльных аўтарытэтаў апіраецца на звышнатуральнай веры ў Бога і досведзе таго, што праз іх навучанне і служэнне прамаўляе бясспрэчная і аўтэнтычная мудрасць самога Пана.

Наступнай адметнасцю рэлігійнай веры з’яўляецца тое, што яна заклікае чалавека да змены жыцця. Як заўважылі яшчэ старажытныя айцы Касцёла, чалавечае слова мала на што ўплывае. А калі прамаўляе Бог, то Яго слова змяняе жыццё. Аднак Бог ніколі не дзейнічае супраць нашай волі, а толькі няспынна заклікае нас да навяртання. Прыняцце чалавекам Яго волі адкрывае дзверы звышнатуральнай моцы Ўсемагутнага, якая вядзе нас да рэальнай паўнаты жыцця - святасці.

Яшчэ адна адметнасць рэлігійнай веры – гэта тое, што яна з’яўляецца выразам надзеі на звышнатуральнае абяцанне Бога. Натуральная вера часта шукае нейкай зямной матывацыі, рэалізацыі мэтаў і інтарэсаў у межах зямнога жыцця чалавека. А рэлігійная вера перанакіроўвае нашае жыццё так, што кожная зямная хвіліна ператвараецца ў паступовую рэалізацыю звышнатуральнай перспектывы жыцця ў гармоніі з Богам.

Разуменне таго, што поўная рэалізацыя Божых абяцанняў надыдзе толькі за парогам зямнога жыцця, нараджае розныя праблемы з верай. Цяжка верыць у тое, чаго да канца не ведаеш і не бачыш. Таму звышнатуральная перспектыва хрысціянства ставіць перад намі вельмі вострае пытанне аб матывацыі ў веры. Чым мы кіруемся, калі становімся на малітву, прыходзім у касцёл або стараемся выконваць Божыя запаведзі? Якія нашыя ўяўленні аб звышнатуральных абяцаннях Бога? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні мы пашукаем у нашай наступнай перадачы.

кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.