2013-11-05 16:01:10

Што значыць верыць? Залежнасць веры ад волі


Напрацягу нашых радыёспатканняў мы разважаем над тым, з чаго складаецца нашая здольнасць верыць, ад чаго яна залежыць і якія чыннікі ўплываюць на тое, што мы так або інакш будуем свае адносіны з Богам.

Думаю, многім вернікам часцяком прыходзіцца сустракацца з такой сітуацыяй, калі нейкі чалавек ведае вельмі шмат пра Бога і хрысціянства, бачыць добры прыклад іншых вернікаў, але кажа рэлігіі: “не”. Ёсць людзі, якія нават не жадаюць абгрунтоўваць, чаму яны не ідуць у касцёл, не жадаюць маліцца або задумвацца над верай. Яны проста кажуць: “не хачу”.

У той жа час існуе нямала адваротных сітуацый, калі нейкая асоба мала ведае пра Бога і Касцёл, але яе сэрца перапоўненае жаданнем верыць. Ёсць хрысціяне, якія добра не ведаюць катэхізіса, не ўмеюць абгрунтаваць свае рэлігійныя перакананні. Яны проста ўсім сэрцам адданыя Богу і без умоваў кажуць Яму даверлівае “так”.

Такія прыклады пазітыўнага і негатыўнага стаўлення да рэлігіі адсланяюць адну вельмі важную праўду пра чалавека: ён здольны да выбару. Гэтая здольнасць звязаная з уласцівасцю людской прыроды, якая называецца вольнай воляй.

Як мы шмат разважалі ў папярэдніх перадачах, чалавек з дапамогай Божага дару розуму пазнае і ведае. Але каб застасаваць пазнанае або паглыбіць свае веды, трэба зрабіць крок наперад або адступіць назад, захацець дзейнічаць або адмовіцца, зрабіць выбар у пэўным кірунку. Для ўсяго гэта неабходная вольная воля. Гэта адна з тых здольнасцей, якая кардынальным чынам адрознівае чалавека ад жывёлаў. У адрозненні ад людзей, зверы кіруюцца інстынктамі. Чалавек жа мае не толькі біялагічную матывацыю, але і духоўную, якая пераўзыходзіць свет натуры.

Вольная воля – гэта той вялікі дар Бога, які ўпадабняе нас да Яго. Без вольнай волі чалавек быў бы робатам, складаным аўтаматам, або ў лепшым выпадку - жывёлай. Пан Бог стварыў нас, каб мець сабе падобных дзяцей, якія былі б здольныя адказваюць на Яго любоў не таму, што яны так запраграмаваныя, але таму, што яны дабравольна жадаюць Яго любіць. Пан Бог моцна зарызыкаваў, даючы нам здольнасць выбару і самакіравання. Бо чалавек можа выкарыстаць гэтую здольнасць не толькі для таго, каб выбіраць жыццё, любоў, Бога. Вольнасць волі можа быць скіраваная на тое, каб ламаць, забіваць, нішчыць як сябе, так і ўсё акружаючае асяроддзе.

Нягледзячы на сваю велізарную важнасць і каштоўнасць, дар вольнай волі становіцца добрым тады, калі чалавек выкарыстоўвае яго дзеля дабра і нясе адказнасць за здзейснены выбар. Таксама і свабода добрая толькі тады, калі ёй спадарожнічае адказнасць і добрая мэта. Для ўсяго гэтага неабходнае ўзаемадзеянне волі з розумам, каб адшукаць сапраўднае дабро і да яго імкнуцца. Воля пазбаўленая разумнасці і адказнасці ператвараецца ў сляпую сілу знішчэння. Неразумнай воляй, якая не скіраваная на пошук рэальнага дабра чалавека, можна лёгка маніпуляваць, кіруючы яе да ілюзіі дабра - гэта значыць да зла. Але нічога не перашкодзіць волі, якая бескампрамісна выбірае сапраўднае дабро, у выніку даходзячы да яго першакрыніцы - любячага Бога.

Пан Бог адарыў чалавека воляй, здольнай выбіраць і пераадольваць перашкоды. Але яна не ўсемагутная. І пра абмежаванасць нашай волі добра ведае злы дух. Ён выкарыстоўвае разнастайныя чалавечыя слабасці, хібы характару, дрэнныя звычкі, інстынкты, эмоцыі, недахоп ведаў – усё, што аслабляе нашую волю. Таму барацьба з кожнай чалавечай слабасцю – гэта адначасова нашае ўмацаванне і залог перамогі над злом. Бог у сваёй бясконцай любові не пакідае нас саміх у гэтым змаганні. Ён прапаноўвае канкрэтную дапамогу – сваю звышнатуральную ласку. Яна ўмацоўвае нас у добрым, падтрымлівае найлепшыя натхненні, успамагае мудрыя думкі і загартоўвае цноты.

Каб атрымаць ад Бога Яго звышнатуральную ласку, нам неабходна вызваліцца ад забойчай хлусні аб самадастатковасці, прызнаць сваю слабасць і абмежаванасць. Пакорна прызнаўшы праўду пра чалавека, мы становімся здольнымі прызнаць праўду пра Ўсемагутнага Бога. Святое Пісанне сведчыць, што Ён ад усяго сэрца жадае ўмацаваць сілу волі чалавека, даць нам магчымасць не загінуць, але жыць вечна і шчасліва. Для гэтага Бог стварыў Касцёл – спецыяльную прастору выратавання. Тут кожны жадаючы мае магчымасць збавіцца, чэрпаць усе неабходныя сілы і ласкі, каб быць мацнейшым за любыя слабасці і спакусы.

Каталіцкая вера вучыць нас шанаваць і мацаваць дар вольнай волі. Касцёл заклікае нас да рэалізма, прызнання праўды аб тым, што мы патрабуем дапамогі Ўсемагутнага і Любячага Бога. Ідучы за парадамі веры і маралі Божага Касцёла кожны чалавек становіцца на пераможны шлях свабоды сыноў і дочак Бога. Але ключ да ўсяго гэтага крыецца ў выбары нашай вольнай волі.

Кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.