2013-11-05 16:00:49

Што значыць верыць? З чаго складаецца вера?


Мы працягваем знаёмства з таямнічым светам веры ў Бога. Сёння мы пастараемся адказаць на пытанне: з чаго складаецца вера? Ці існуюць нейкія складовыя элементы, без якіх вера была б немагчымай?


Напрацягу ўсёй гісторыі Касцёла вялікія мысліцелі і святыя імкнуліся разгадаць таямніцу веры, знайсці ключ да таго, ад чаго залежаць адносіны з Богам. Бо нават звычайная штодзённасць веруючага хрысціяніна паказвае, як моцна нашая вера абумоўленая знешнімі і ўнутранымі фактарамі асяроддзя пражывання. Дастаткова ўзгадаць усім знаёмую спакусу, калі нічога не хочацца, альбо наадварот, хочацца шмат, але толькі не таго, што сапраўды патрэбна. Можна таксама ўзгадаць спакусу чалавека ўсё ведаць. Ёсць нямала веруючых людзей, якія шмат сілаў прысвячаюць на пазнаванне разнастайных рэчаў – патрэбных і непатрэбных. А ў той жа самы час яны не могуць знайсці пару хвілін на тое, каб пачытаць каталіцкую прэсу або духоўную кнігу, якая рэальна можа змяніць іх жыццё.


Даследаванне Святога Пісання і назіранні старажытных айцоў Касцёла і тэолагаў прывялі іх да цікавай высновы. Адзін з найбольш аўтарытэтных каталіцкіх тэолагаў сярэднявечча – св. Тамаш Аквінскі - заўважыў, што з аднаго боку хрысціянская вера – гэта звышнатуральны дар, які Бог дае чалавеку. Але з другога боку, прыняцце і дзейснасць гэтага дару ў жыцці чалавека залежыць ад чатырох фактараў: розуму, волі, пачуццяў і Божай ласкі.


Здаецца, не трэба шмат тлумачыць, як многа ў нашым жыцці залежыць ад розуму і пазнання. Назапашаныя веды дапамагаюць асобе ісці па жыцці, рабіць нейкія выбары, карыстацца разнастайнымі тэхнічнымі прыладамі і будаваць сваё жыццё ў грамадстве. У наш час нават цяжка сабе ўявіць чалавека, які жыў бы ў складаным тэхнакратычным асяроддзі і не ўмеў бы пісаць, чытаць ці лічыць. Разуменне важнасці здабывання ведаў і пазнавання свету, Бога і чалавека прычынілася да таго, што менавіта Каталіцкі Касцёл у свой час зайняўся арганізацыяй першых у свеце ўніверсітэтаў і заклаў асновы сістэмы адукацыі.



Але адных ведаў чалавеку недастаткова ні для таго, каб забяспечыць сабе жыццё на зямлі, ні для таго, каб развіць адносіны з Богам. Нават звычайныя назіранні паказваюць нам, што ёсць шмат адукаваных людзей, якія не ўмеюць або не жадаюць карыстацца сваімі ведамі. Аднаго розуму не дастаткова. Неабходна мець яшчэ сілу волі. Веды прыносяць эфект тады, калі ім спадарожнічае памкненне, жаданне рэалізаваць спазнанае. Таму ў каталіцкай духоўнасці так шмат гаворыцца пра мацаванне свабоднай волі ў кожнай асобе. У пэўным сэнсе можна казаць, што ўся каталіцкая мараль, Божыя і касцёльныя запаведзі і прадпісанні скіраваныя між іншым на тое, каб забяспечыць чалавеку поўную свабоду панавання над сабой, самакіравання. Бо без вольнай волі чалавек можа шмат ведаць і хацець, але не будзе здольны рэалізаваць спазнаныя даброты.


Ідучы за думкай св. Тамаша Аквінскага, варта звярнуць увагу і на трэці фактар, ад якога залежыць нашая вера. Гэта сфера пачуццяў. Святое Пісанне разнастайным чынам засяроджвае ўвагу вернікаў на тым, як моцна пачуцці могуць або дапамагаць, або перашкаджаць у духоўным жыцці чалавека. Як заўважаў св. Ігнацы Лаёла, пачуцці чалавека – гэта нешта маральна нейтральнае. І толькі ад нас залежыць, што мы зробім з эмоцыяй, якая ў нас узнікае. Напрыклад, пачуццё любові або кахання здольнае ўзнесці чалавека на вяршыні самых гераічных учынкаў. І ў той жа час неўтаймаванае пачуццё нянавісці здольнае ператварыцца ў магутную разбуральную сілу. Чалавек можа мець веру, але яго адносіны з Богам і іншымі людзьмі могуць заблакавацца нейкім моцным эмацыянальным перажываннем, нейкай ранай. Калі яе не лячыць, то яна з часам ператвараецца ў гнойную духоўную гангрэну, якая імклівымі тэмпамі знішчае чалавека.


Таксама існуюць такія сітуацыі, калі асоба можа шмат ведаць пра Бога і духоўнае жыццё, нават мець добрую волю пайсці Божым шляхам, але неўпарадкаванасць у сферы эмоцый можа ўсё заблакаваць. Гэты факт пацвярджаюць таксама святары-экзарцысты. Яны заўважаюць, што злыя духі часта ўваходзяць у жыццё чалавека менавіта праз невылечаныя эмацыянальныя раны, затоеныя адмоўныя пачуцці. Нетатыўная эмоцыя можа так спараліжаваць асобу, што ні яна сама, ні нейкі іншы чалавек не будзе здольны прабіцца праз мур унутранай блакіроўкі. Такія сітуацыі вельмі наглядна пераконваюць у тым, што толькі Божая ласка ў канечным выніку можа ўратаваць чалавека. Сустрэча з драмай людской немачы паказвае мудрасць Касцёла, які ў праўдах веры прапісаў залатыя словы: “Божая ласка неабходная чалавеку для Збаўлення”.


Карыстаючыся досведам нашых вялікіх папярэднікаў у веры, такіх як св. Тамаш Аквінскі, варта нам, хрысціянам, часта прыходзіць да Бога, каб разам з Ім прыглядацца да нашага духоўнага жыцця. За св. Тамашам варта пытацца, сколькі часу мы прысвячаем на пазнанне Божых праўдаў, як працуем над тым, каб нашая воля сапраўды была вольнай і скіраванай на пазнанае дабро. Варта прасіць у Бога Яго ласкі, каб дапамог нам быць эмацыянальна здаровымі, напоўненымі толькі самымі светлымі пачуццямі да свайго жыцця, да іншых людзей, акружэння і самога Бога.

Кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.