2013-11-05 16:01:30

Што значыць верыць? Вера – тое, што яднае чалавека


Нягледзячы на тое, што на тэму веры і рэлігійнасці напісаныя мільёны кніг, гэты феномен не перастае захапляць сэрцы і розумы новых пакаленняў людзей блізкіх і далёкіх ад Бога. Таксама і мы напрацягу нашых радыёсустрэчаў пахіляемся над духоўнай сферай нашага жыцця, каб назіраючы за ўласным вопытам і думкамі пра веру, параўнаць іх з тысячагадовай мудрасцю Касцёла.

У мінулай перадачы мы ўсвядомілі, што сапраўдныя адносіны паміж чалавекам і Богам існуюць тады, калі яны ахопліваюць усе сферы жыцця: цела і душу, розум і эмоцыі, дзеянні і думкі. Варта заўважыць, што ў сучаснай культуры прапагандуецца адваротнае пераканне. Аматары ідэалогіі секулярызму (свецкасці) навязваюць сучаснаму чалавеку погляд, што вера – гэта толькі справа душы, якая не павінна кранаць яго цялеснай сферы. У матэрыяльным, знешнім жыцці належыць жыць так, як бы Бог не існаваў. Прыхільнікі свецкасці калі і пагаджаюцца на веру, то толькі як нейкае прыватнае хоббі, схаванае ў сценах чалавечага сэрца.

Такі падыход да рэлігійнасці не толькі не згодны з тым, шт Бог аб’явіў пра Сябе і нас, але вельмі моцна выкрыўляе погляд чалавека на самога сябе. За ідэалогіяй свецкасці хаваецца перакананне, што чалавек складаецца з частак, якія функцыянуюць незалежна адна ад другой. Атрымліваецца, што ёсць душа, якая можа жыць аднымі каштоўнасцямі, а ёсць цела, якое можа кіравацца зусім іншымі мэтамі. У думках чалавек можа быць хрысціянінам, а ў паводзінах павінен быць атэістам. Можа мець рэлігійныя пачуцці, але размаўляць ён павінен так, як бязбожнік. У душы быць узнёслым як анёл, а целам – як найбольш прымітыўная жывёла.

Такая свецкая ментальнасць прыводзіць да катастрафічных наступстваў як у веры, так і ўвогуле ў жыцці асобы. Чалавек, які паддаўся перкананню, што ён мае розныя сферы жыцця, якія могуць кіравацца незалежнымі адно ад другога мэтамі, даводзіць сябе да поўнай супярэчнасці, непаслядоўнасці і становіцца безабаронным перад навалай невырашальных імпульсаў “хачу” і “не хачу”, “можна” і “нельга”. У падмурках такога выбарачнага і фрагментарнага падыходу да жыцця крыецца меркаванне, што не Бог, але чалавек сам для сябе павінен вызначаць крытэрыі дабра і зла, праўды і хлусні, не шукаць Хрыстовага Збаўлення, але прыдумваць шляхі самавыратавання.

Існуе таксама нямала асобаў, якія бачаць, што калі няма адзінства паміж рознымі сферамі жыцця, то гэта нішчыць чалавека. Многія з такіх людзей пачынаюць адкрываць мудрасць і глыбіню Евангельскага вучэння Езусам і Яго Касцёла, у якім нанава адкрываюць сябе для сябе. Пагаджаючыся з Богам, пагаджаюцца самі з сабой. Іх душа, цела, розум і пачуцці пачынаюць функцыянаваць як адно цэлае. Бо ўвесь чалавек пачынае жыць па адзіных Божых запаведзях, кіравацца выразнай і адзінай іерархіяй каштоўнасцей, імкнуцца да адной мэты – гарманічнага жыцця з Богам.

Нажаль, існуе таксама такая катэгорыя асобаў, якім не ўдаецца вырвацца з замкнёнага кола свайго “я”. Гэта тыя людзі, якія адкрылі, што чалавек павінен быць адным цэлым, не можабыць унутрана разбітым і супярэчным. Аднак замест прыняцця Хрыстовага плану Збаўлення, яны прыдумваюць свае ўласныя, часам вельмі наіўныя і прымітыўныя канцэпцыі самавыратавання, дасягнення ўнутранай гармоніі. Некаторыя з іх, стомленыя доўгімі гадамі ілюзій, пасля адкрываюць свабоду і непараўнальную мудрасць Хрыстовага вучэння.

Езус прапаноўвае чалавеку апіраць цэласнасць свайго жыцця не на ўласным “я”, але на адносінах з Ім. Чалавека сам па сабе слабы, але можа чэрпаць з крыніцы Божай моцы і мудрасці. Таму Пан Бог заклікае нас не дзяліць сябе на нейкіх сферы, не супрапастаўляць духоўнае і цялеснае, але згарманізаваць сваё жыццё. І крыніцай гэтай сапраўднай гармоніі будзе не нейкая філасофія ці тэхніка, але жывая і шчырая любоў паміж чалавекам і Богам.

Любоў, да якой заклікае нас Езус у Евангеллі, не дзеліць чалавека на часткі і не дзеліць людзей на сваіх і чужых. Бог вучыць нас непадзельнай любові. І як прыклад паказвае нам Самога Сябе. Каб навучыцца па-сапраўднаму любіць і каб знайсці сапраўдную ўнутраную гармонію, і знайсці ключ да паяднання з іншымі асобамі, трэба проста выйсці за межы сваіх страхаў і перакананняў, зайсці ў Касцёл і ў ім пачаць слухаць Езуса. Ад нашага жадання больш слухаць Хрыста, чым нашыя сумненні і меркаванні залежыць, як хутка мы прыйдзем да сапраўднай гармоніі ў сваім уласным жыцці і знойдзем ключ да паяднання з кожным бліжнім.

Кс. Андрэй Рылка









All the contents on this site are copyrighted ©.