2013-11-05 12:28:03

Святы Айцец заклікаў не быць “хрысціянамі на паперы”


RealAudioMP3 Не задавальняцца знаходжаннем у “спісе хрысціян”, але цалкам прымаць удзел у свяце, на якое запрашае Бог, заклікаў 5 лістапада папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты ён разважаў над тым, што значыць быць запрошаным на свята Пана. Пантыфік падкрэсліў, што на Божае святкаванне запрашаны кожны – гэта запрашэнне бескарыснае і тычыцца ўсіх – “і добрых і злых”. “Хрысціянін – гэта той, хто запрошаны”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што, калі мы не ўсведамляем гэтага – не разумеем, што значыць быць вучнем Хрыста. Адначасова Францішак адзначыў, што свята, на якое Пан запрашае, з’яўляецца згуртаваннем асоб: “Сярод нармальных людзей, ментальна нармальных, я ніколі не бачыў, каб хтосьці рабіў свята ў адзіноце. Гэта было б сумна! Адкрыць бутэльку віна... Гэта не свята, а нешта іншае. Свята праводзіцца з іншымі, у сям’і, з сябрамі, з людзьмі, якія былі запрошаны, як і я. Каб быць хрысціянінам, неабходна прыналежаць да гэтага Цела, да гэтых людзей, якія былі запрошаны на свята. Гэта хрысціянская прыналежнасць”, - сказаў Папа. На думку Францішка, на свяце Пана прысутнічаюць розныя людзі, якія складаюць адзінства будучы надзеленымі рознымі дарамі.

Гаворачы пра людзей, якія знаходзілі прычыны, каб не прыходзіць на свята, Папы адзначыў, што яны ўяўляюць вобраз хрысціян, якія задавальняюцца знаходжаннем у спісе запрошаных: “хрысціяне са спісу”. Але “быцця ў спісе”, на думку Пантыфіка, не дастаткова для збаўлення.

Ён падкрэсліў, што Бог прымае тых, якія кажуць: “Не, Пане, я не хачу прыходзіць да цябе”. У такім выпадку Бог разумее і чакае, бо ён міласэрны. “Але Пану не падабаецца той чалавек, які кажа “так”, а робіць “не”; які робіць выгляд удзячнасці за шматлікія цудоўныя рэчы, але ў рэальнасці ідзе сваім шляхам; які валодае добрымі манерамі, але рэалізуе ўласную волю, а не Пана; тыя, якія пастаянна перапрашаюць, якія не ведаюць радасці, якія не адчуваюць радасці прыналежнасці”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў прасіць Бога аб разуменні, наколькі цудоўна быць запрошаным на свята Пана, наколькі цудоўна раздзяліць з іншымі ўласныя здольнасці, і наколькі кепска “граць паміж “так” і “не”: казаць “так”, але задавальняцца толькі ўключэннем у спіс хрысціян.








All the contents on this site are copyrighted ©.