2013-11-05 11:10:46

Пантыфік прыме “Бэтлеемскае святло міру”


RealAudioMP3 18 снежня 2013 г. у Ватыкане папе Францішку будзе перададзена “Бэтлеемскае святло міру”. Яго ўручыць Пантыфіку дзіця з Верхняй Аўстрыі. Святы Айцец пагадзіўся прыняць сімвал Божага Нараджэння па прыкладу сваіх папярэднікаў, паведаміла тэлерадыёкампанія Верхняй Аўстрыі (ORF Oberösterreich), галоўны арганізатар акцыі, 4 лістапада. Бэнэдыкт XVI і Ян Павел II некалькі разоў прымалі ў Ватыкане “Бэтлеемскае святло”. Францішку перададуць яго ў рамках адмысловай пілігрымкі пасля агульнай аўдыенцыі. Сімвалічны зніч запальваецца ў Гроце Божага Нараджэння ў Бэтлееме адным з дзяцей за некалькі тыдняў да самой урачыстасці. Сёлета гэта адбудзецца 26 лістапада. Затым святло, змешчанае ў спецыяльнай лямпе, адправяць на самалёце ў Вену. У сталіцы Аўстрыі адбудзецца экуменічнае набажэнства, пасля якога “Бэтлеемскае святло міру” адправіцца ў падарожжа па парафіях і супольнасцях Аўстрыі і іншых краін; яго прымуць таксама касцёльныя, грамадскія і палітычныя лідэры.

“Бэтлеемскае святло” упершыню было запалена ў 1986 г. па ініцыятыве тэлерадыёкампаніі Верхняй Аўстрыі. Сёння ў яго распаўсюджванні ў 30 краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі актыўны ўдзел прымаюць скаўты. Чакаецца, што “Бэтлеемскае святло”, ужо па традыцыі, прыбудзе сёлета і ў Беларусь.







All the contents on this site are copyrighted ©.