2013-11-05 11:48:39

Кардынал Сара: дабрачыннасць – гэта ціхае, але жывое і актыўнае казанне


RealAudioMP3 “Вярнуць душпастырства дабрачыннасці да яго крыніцы, каб пазбегнуць яго звядзення да свайго роду сацыяльна-культурнай дзейнасці, чыстай філантропіі або простай чалавечай салідарнасці”, - заклікаў старшыня Папскай рады “Cor Unum”, кардынал Рабэр Сара. Гэта задача стаіць перш за ўсё перад епіскапатамі Еўропы, падкрэсліў ён падчас сустрэчы, арганізаванай Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), якая праходзіць у Трыесце 4-6 лістапада 2013 г. Там сабраліся асобы, якія на ўзроўні епіскапатаў адказваюць за дабрачынную дзейнасць. Кардынал перасцярог ад частых тэндэнцый “рэдукцыі” Касцёла да свайго роду “этычнага агенцтва” або “сацыяльнай службы”, якая клапоціцца аб бедных, асабліва ў тых сітуацыях, калі дзяржава гэтага не робіць. Кардынал падкрэсліў, што апошняе важна, але не можа адбывацца са шкодай для сутнасці Касцёла.

Паводле старшыні Папскай рады, трэба “правільна вызначыць прыроду ​​дабрачыннасці”, каб не ператварыць яе ў дзейнасць палітычнага, сацыяльнага або чыста гуманітарнага зместу. На яго думку, Касцёл у Еўропе сёння павінен задаць сабе пытанне: “Якое бачанне чалавека мы хочам абвяшчаць праз нашу дабрачынную дзейнасць?”. Яна, перакананы кардынал Сара, павінна займаць бачнае месца ў Божым плане збаўлення чалавека і ажыццяўлення новай евангелізацыі. Іерарх параўнаў дабрачыннасць з “ціхім, але жывым і актыўным казаннем”, якое сведчыць аб нашай асабістай сустрэчы і адносінах з Хрыстом. Таму, на яго думку, асобы, занятыя ў дабрачыннай дзейнасці, павінны быць сапраўднымі сведкамі Хрыста.







All the contents on this site are copyrighted ©.