2013-11-05 11:09:00

Ватыканскі іерарх праводзіць трэнінг па СМІ для бразільскіх біскупаў


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі праводзіць трэнінг па адносінах з медыя для бразільскіх біскупаў. Мерапрыемства адкрылася 4 лістапада 2013 г. у Жабоатан-дус-Гуарарапіс выступленнем арцыбіскупа Клаўдыё Марыі Чэлі на тэму “Камунікацыя і евангелізацыя ў эпоху лічбавых тэхналогій”. Іерарх падкрэсліў, наколькі важныя сёння сацыяльныя медыя для місіі Касцёла, які мае магчымасць весці з іх дапамогай прамы дыялог са светам і сучасным чалавекам. Яны дапамагаюць таксама ўзаемадзейнічаць з іншымі культурамі, падкрэсліў арцыбіскуп і дадаў, што ў сённяшніх мультыкультурных і мультырэлігійных грамадствах католікам неабходна падтрымліваць глыбокія і паважлівыя адносіны да іншых, бо гэта можа ўзбагаціць нас саміх.

Старшыня Папскай рады, гаворачы аб смелых і эфектыўных зносінах, прывёў прыклад папы Францішка. “Святы Айцец глыбока прыняў гэту канцэпцыю. Ён мае зносіны простыя і непасрэдныя. Праз свае жэсты дае надзею многім людзям”, - адзначыў ён.

Арцыбіскуп Чэлі заклікаў да змены “формы слова” і удзелу Касцёла ў лічбавым асяроддзі. Ён лічыць, што Касцёл павінен навязаць дыялог з новымі тэхналогіямі і лічбавай культурай, прысутнічаць у ёй. Спантаннасць і інтэрактыўнасць, на думку ватыканскага іерарха, з’яўляюцца тут найбольш эфектыўнымі формамі выказванняў.

Трэнінг працягнецца да 8 лістапада. На працягу тыдня біскупы прымуць удзел у тэматычных дыскусіях і практычных занятках.







All the contents on this site are copyrighted ©.