Апублікаваны падрыхтоўчы дакумент Сінода Біскупаў аб сям’і
5 лістапада 2013 г.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала падрыхтоўчы дакумент будучага надзвычайнага
Сінода Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку 2014 г. у Ватыкане на тэму “Душпастырскія
выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”. Дакумент складаецца з трох
частак: першая тычыцца мэтаў Сінода, другая – навучання Каталіцкага Касцёла аб сям’і,
а трэццяя ўтрымлівае анкету з пытаннямі самага рознага кшталту, якія маюць на мэце
“дапамагчы мясцовым Касцёлам актыўна ўдзельнічаць у надзвычайным Сінодзе”. Адзначаецца,
што сацыяльны і духоўны крызіс стаў “душпастырскім выклікам”, які патрабуе актывізацыі
“евангелізацыйнай місіі Касцёла для сям’і”. Гаворка ідзе пра грамадзянскія саюзы,
якія часта выключаюць ідэю сужэнства; саюзы паміж асобамі аднаго полу і іх імкненне
да ўсынаўлення дзяцей; змешаныя сужэнствы паміж прадстаўнікамі розных веравызнанняў;
палігамію; варожы да Касцёла фемінізм; негатыўны ўплыў СМІ на сям’ю і многія іншыя.
У такім кантэксце адзначаецца, што разважанне Сінода Біскупаў на гэтыя тэмы з’яўляецца
неабходным і тэрміновым.
39 пытанняў анкеты, уключанай у дакумент, звязаны
з душпастырствам сем’яў, знаёмствам з каталіцкім навучаннем аб сям’і, прыродай сужэнства
і навучаннем веры. Акрамя таго, тут ёсць пытанні аб адносінах да кантрацэпцыі, штучнага
апладнення, грамадзянскіх шлюбаў, гомасексальных саюзаў, разводаў, камуніі для разведзеных
і заключыўшых новыя саюзы асоб, да прызнання несапраўднасці сужэнства, сем’яў з адным
з бацькоў і змешаных сужэнстваў.