2013-11-01 11:42:31

Францішак за супрацоўніцтва паміж хрысціянамі


RealAudioMP3 Папа Францішак выказаў гатоўнасць Каталіцкага Касцёла “працягваць доўгатрывалае супрацоўніцтва з Сусветнай Радай Цэркваў” і заклікаў усіх, “хто ідзе за Хрыстом”, умацаваць малітву і супрацоўніцтва на карысць Евангелля. Пра гэта гаворыцца ў пасланні, якое Святы Айцец скіраваў да ўдзельнікаў 10-й Асамблеі Сусветнай Рады Цэркваў – экуменічнай арганізацыі, якая аб’ядноўвае каля 350 хрысціянскіх супольнасцяў. Нягледзячы на тое, што Каталіцкі Касцёл не з’яўляецца членам гэтага аб’яднання, ён актыўна ўзаемадзейнічае з ім. У Асамбеі Сусветнай Рады Цэркваў, якая праходзіць з 30 кастрычніка па 8 лістапада 2013 г. у паўднёва-карэскім Пусане прымае ўдзел дэлегацыя Апостальскай Сталіцы на чале з кардыналам Куртам Кохам, старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У пасланні да ўдзельнікаў форума папа Францішак адзначыў актуальнасць тэмы, якая на ім абмяркоўвалася: “Бог жыцця, вядзі нас да справядлівасці і міру”. Паводле Святога Айца, “глабалізаваны свет патрабуе, каб хрысціяне давалі сведчанне каштоўнасці годнасці чалавека, якая паходзіць ад Бога” і спрыялі стварэнню “культурных, грамадскіх і юрыдычных умоў, якія б дазволілі індывідуўмам і супольнасцям узрастаць у свабодзе”. Папа звярнуў увагу на неабходнасць клопату аб сям’і, гарантавання “інтэгральнага выхавання” для моладзі і “рэлігійнай свабоды” для ўсіх.

“У вернасці Евангеллю мы пакліканы дасягнуць усіх тых, хто знаходзіцца на экзістэнцыяльных перыферыях грамадства і несці асаблівую салідарнасць самым уразлівым братам і сёстрам”, у першую чаргу “бедным, інвалідам, ненароджаным і хворым, мігрантам і бежанцам, пажылым і безпрацоўнай моладзі”, лічыць Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.