2013-11-01 12:00:41

Высокі ватыканскі дыпламат наведаў Кувейт


RealAudioMP3 Высокі прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі наведаў Кувейт. Арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Святога Пасаду, прысутнічаў 30 кастрычніка 2013 г. на інаўгурацыі новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў у Эль-Кувейце. У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены дыпламатычнага корпуса, прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, мясцовае духавенства, а таксама прадстаўнік уладаў, Насэр аль Мазаен, дырэктар Дэпартаменту краін Персідскага заліва. У сваім выступленні арцыбіскуп Бэчу падзякаваў ад імя Святога Айца і Каталіцкага Касцёла за падтрымку і разуменне, прадэманстраваныя кіраўніцтвам Кувейта, духоўных патрэб больш за 350 тыс. католікаў у краіне на працягу 45 гадоў дыпламатычных адносін са Святым Пасадам.

Субстытут падзякаваў уладам іншых краін Персідскага заліва, дзе жывуць і працуюць каля 3 млн. вернікаў Каталіцкага Касцёла. Ён выказаў спадзяванне, што “прысутнасць шматлікіх хрысціян у рэгіёне і намаганні Апостальскай нунцыятуры” паспрыяюць сапраўднаму дыялогу і супрацоўніцтву, узаемнай павазе і сяброўству, а таксама мірнаму суіснаванню.

Падчас свайго візіту ватыканскі дыпламат наведаў таксама Вялікую мячэць у Эль-Кувейце. Ён сустрэўся ў каталіцкім катэдральным касцёле з мясцовым духавенствам і правёў прыватныя размовы з двума Апостальскімі вікарыямі. 31 кастрычніка арцыбіскуп Бэчу вярнуўся ў Рым.







All the contents on this site are copyrighted ©.