2013-10-31 09:21:31

Францішка назвалі сярод самых уплывовых людзей свету


RealAudioMP3 Папа Францішак – адзін з самых уплывовых людзей свету, вынікае з даследавання аўтарытэтнага часопіса “Forbes”. Пантыфік займае ў яго спісе чацвёртае месца. Выбар Францішка на Пасад св. Пятра натхніў больш за 1,2 млрд. католікаў, напісалі эксперты “Forbes”, тлумачачы высокі “рэйтынг” Святога Айца. Першы езуіт і лацінаамерыканец сярод кіраўнікоў Каталіцкага Касцёла надаў больш увагі спагадзе да бедных і падкрэсліў ролю жанчын.

Узначаліў спіс “Forbes” расійскі Прэзідэнт Уладзімір Пуцін, які перамясціў свайго амерыканскага калегу Барака Абаму на другую пазіцыю. На трэцім месцы знаходзіцца кітайскі лідэр Сі Цзыньпін. Пятая пазіцыя ў рэйтынгу, апублікаваным у Нью-Ёрку 30 кастрычніка 2013 г., была аддадзена жанчыне, Канцлеру Германіі Ангеле Меркель.

Штогадовы спіс “Forbes” – гэта рэйтынг 72 вядучых фігур у свеце (па адным на 100 млн. насельніцтва), якія маюць уплыў у розных сектарах. Папярэднік папы Францішка, Бэнэдыкт XVI заняў у 2012 г. пятае месца.







All the contents on this site are copyrighted ©.