Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі: Езус пакутуе, калі Яго любоў не прымаюць
Папа Францішак узначаліў
31 кастрычніка 2013 г. св. Імшу ў капліцы св. Себасцьяна ў ватыканскай базыліцы, у
алтары якой захоўваецца труна з целам бл. Яна Паўла ІІ. Кожны чацвер раніцай там адбываецца
Эўхарыстыя, на якой збіраюцца ў асноўным пілігрымы з Польшчы. Пантыфік засяродзіўся
на гісторыі жыцця св. Паўла і яго радыкальнай прывязанасці да Хрыста. “Ніхто не зможа
адлучыць нас ад любові Божай”, - напісаў апостал у сваім Лісце да Рымлянаў. Ён любіў
Езуса, таму што Пан змяніў яго жыццё, адзначыў Пантыфік і дадаў, што Хрыстус стаў
цэнтрам жыцця Паўла. Гэтай любові не зразумеў Ерузалем, сказаў Папа, і менавіта гэта
выклікала смутак Хрыста. Божая любоў – гэта не абстакцыя, падкрэсліў ён. Езус пакутуе,
калі Яго любоў не прымаюць. Антыподам Ерузалема з’яўляецца св. Павел, які “адчуваў
сябе грэшнікам, але чэрпаў сілу з любові да Бога, са сваёй сустрэчы з Езусам Хрыстом”.
Францішак заклікаў прымаць любоў Хрыста не напалову, але цалкам, да канца,
з мужнасцю. “Давайце паглядзім на Паўла з яго мужнасцю, што зыходзіць ад гэтай любові,
і паглядзім на Езуса, Які плача над горадам, няверным Яму”, - запрасіў Папа. На яго
думку, кожны хрысціянін павінен запытаць сябе: па чый бок ён знаходзіцца – Паўла ці
Ерузалема, “мая любоў да Бога настолькі моцная, як у Паўла або маё сэрца проста цёплае,
як у Ерузалема?”. “Пан, праз заступніцтва бл. Яна Паўла II, дапаможа нам адказаць
на гэта пытанне”, - сказаў у завяршэнне сваёй гаміліі папа Францішак.