2013-10-30 11:06:22

Святы Пасад прымае ўдзел у буйным сусветным экуменічным форуме


RealAudioMP3 На 10-ю Асамблею Сусветнай Рады Цэркваў, якая адкрылася 30 кастрычніка 2013 г. у паўднёва-карэйскім Пусане, прысутнічае 20-асабовая дэлегацыя Каталіцкага Касцёла, на чале якой стаіць кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Святы Айцец Францішак накіраваў з ім сваё спецыяльнае пасланне да 4 тыс. дэлегатаў з амаль 350 Цэркваў і супольнасцяў, якія прымаюць удзел у дыскусіі на тэму: “Бог жыцця вядзе нас да справядлівасці і міру”.

Біскуп Браян Фарэл, сакратар Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, які ўваходзіць у склад каталіцкай дэлегацыі, падкрэсліў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што заданнем сустрэчы з’яўляецца рэфлексія над дзейнасцю і працай хрысціянскіх супольнасцяў у справе абароны жыцця. Ён лічыць, што правядзенне Асамблеі на Карэйскім паўвостраве мае асаблівае значэнне. Палітычная сітуацыя пасля падзелу краіны паўплывала на жыццё сямей і псіхалогію людзей, якія жылі з цяжарам падзелу так доўга, што гэта адлюстравалася і на жыцці Цэркваў, адзначыў іерарх. Важна прадэманстраваць, што нягледзячы на адрозненні хрыціянскіх супольнасцяў, яны могуць збірацца разам і працаваць разам, дадаў ён. Паводле ватыканскага іерарха, першая мэта ўсіх такога роду буйных мерапрыемстваў – захаваць запал з боку хрысціян да адзінства і нагадаць усім, што гэта неабходна.

Асамблея, якая працягнецца да 8 лістапада будзе складацца з серыі пленарных дыскусій і “экуменічных размоў”. Каталіцкі Касцёл не з’яўляецца членам Сусветнай Рады Цэркваў, але ўдзельнічае ў форуме, які праводзіцца кожныя сем гадоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.