2013-10-30 14:31:54

Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН: голад – гэта не тэхнічная, а гуманітарная праблема


RealAudioMP3 Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН нагадаў пра “фундаментальнае права чалавека на дастатковае харчаванне”, і гэта права, на думку арцыбіскупа Фрэнсіса Чуліката, трэба разглядаць “праз павагу да годнасці і правоў тых, хто яшчэ знаходзіцца на задворках сучаснага грамадства”. У свеце выбрабляецца дастаткова прадуктаў харчавання, “аднак мільёны людзей усё яшчэ пакутуюць і паміраюць ад голаду”, звярнуў увагу ватыканскі дыпламат і назваў гэты факт “па-сапраўднаму скандальным”. На яго думку, трэба “даць магчымасць кожнаму карыстацца плёнамі зямлі, а не проста, скараціць разрыў паміж багатымі і тымі, хто павінен задавольвацца парэшткамі, што падаюць са стала”.

Святы Пасад перакананы, што, “хоць паляпшэнне ў вытворчасці прадуктаў харчавання застаецца важнай задачай, харчовая бяспека будзе дасягнута толькі тады, калі ўсе мы зменім сацыяльныя структуры і навучымся праяўляць больш салідарнасці ў адносінах да бедных і галодных”. Голад, звярнуў увагу арцыбіскуп Чулікат, гэта не проста тэхнічная праблема, якая чакае тэхналагічных рашэнняў. Голад з’яўляецца праблемай гуманітарнай, што патрабуе рашэння, заснаванага на нашай агульнай чалавечнасці, сказаў ён і заклікаў супрацьстаяць сітуацыі, калі “доступ да ежы становіцца зброяй для кіравання”.







All the contents on this site are copyrighted ©.