Святы Пасад ініцыяваў дыялог паміж рэлігійнымі лідэрамі Іраку
У Ватыкане 29-30 кастрычніка
2013 г. праходзіць сустрэча, арганізаваная Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу
сумесна з іракскім Міністэрствам па справах рэлігій, паміж лідэрамі шыітаў, сунітуў,
хрысціян, езідаў і сабіян. Мэта гэтай ініцыятывы – распачацце партнёрства паміж ватыканскай
дыкастэрыяй і рэлігійнымі супольнасцямі ў Іраку для стварэння пастаяннага камітэта
па дыялогу. Адкрыў працы форуму Кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным
дыялогу.
На сустрэчы адбудзецца прэзентацыя кожнай з іракскіх рэлігійных супольнасцяў.
Удзельнікі будуць размаўляць пра бягучую рэлігійную сітуацыю ў Іраку і стан дыялогу
паміж прадстаўнікамі рэлігій. Першае такога роду спатканне дасць магчымасць паглыбіць
паразуменне і ацаніць перспектывы далейшага дыялогу, гаворыцца ў паведамленні Папскай
рады. 30 кастрычніка рэлігійныя лідэры сустрэнуцца са Святым Айцом.