2013-10-28 11:07:14

Святы Пасад павіншаў індуістаў з іх галоўным святам


RealAudioMP3 28 кастрычніка 2013 г. Папская рада па міжрэлігійным дыялогу накіравала віншавальнае пасланне вызнаўцам індуізму ва ўсім свеце з нагоды свята Дзіпавалі, якое будзе адзначацца 3 лістапада. “Дзіпавалі” – даслоўна азначае “шлях святла”, а падчас яго святкавання запальваюцца традыцыйныя агні, якія сімвалізуюць перамогу святла над цемрай. У сувязі з гэтым, у пасланні ўтрымліваецца пажаданне, каб “Бог – крыніца кожнага святла і жыцця”, асвяціў жыццё і ўмацаваў “радасць і супакой” вызнаўцаў індуізму. Ватыканская дыкастэрыя прапануе паразважаць над тым, “як хрысціяне і індуісты, праз сяброўства і салідарнасць, могуць спрыяць чалавечым адносінам”. Адзначаецца, што “адносіны з’яўляюцца фундаментальнымі для чалавечага існавання”, а бяспека і мір галоўным чынам “абумоўлены якасцю ўзаемадзеяння паміж людзьмі”.

У пасланні падкрэсліваецца, што ў свеце пашыраецца пагарда да духоўных і рэлігійных каштоўнасцяў, чалавек пераўтвараецца з “некага” у “нешта”, а індывідуалістычныя тэндэнцыі спрыяюць з’яўленню феномена, які папа Францішак называе “культурай выключэння”, “культурай адходаў” і “глабалізацыяй абыякавасці”.

Перад абліччам такой сітуацыі Святы Пасад перакананы, што неабходна супольна спрыяць “культуры адносін” і “культуры салідарнасці”, якая “заключаецца ў тым, каб бачыць ў іншым не канкурэнта ці лічбу, але брата”.

“Індуісты і хрысціяне, мы можам дзейнічаць індывідуальна і супольна, разам з іншымі рэлігійнымі традыцыямі і людзьмі добрай волі, каб падтрымліваць і ўмацоўваць чалавечую сям’ю праз сяброўства і салідарнасць”, - гаворыцца ў пасланні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.