2013-10-28 11:10:23

Папа збірае малітоўную нараду па Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 Патрыярхі і прадстаяцелі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў 21 лістапада ў Ватыкане правядуць з Папам спецыяльнае пасяджэнне па Сірыі, Іраку і Блізкім Усходзе. Яны абмяркуюць магчымасці для ўстанаўлення міру ў рэгіёне і будуць маліцца за хрысціян, якія пакутуюць, паведаміла ватыканская газета “L’Osservatore Romano” у сваім нядзельным выданні. Аналагічную малітоўную нараду збіраў Бэнэдыкт XVI у 2009 г. Гэта спатканне будзе прымеркавана таксама да наступнага пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, якое будзе праходзіць у Ватыкане 19-21 лістапада. Пра гэта паведаміў яе прэфект кардынал Леанарда Сандры ў суботу на адкрыцці навучальнага года ў Папскім усходнім інстытуце.

На мерапрыемстве прысутнічаў таксама Халдэйскі Патрыярх Рафаэль I Сако, які распавёў пра бягучую сітуацыю ў Іраку. Колькасць хрысціян, якіх паводле перапісу 1987 г. было каля 1,2 млн., сёння скарацілася напалову. “Каласальны зыход” шматлікіх хрысціян прывёў да знясілення тых, якія засталіся ў краіне. “Міжнародная супольнасць павінна дапамагчы ўсім, хрысціянам і мусульманам, дасягнуць дэмакратыі і роўнасці”, - сказаў Патрыярх. У Захада ёсць “маральны абавязак, схіліць нашы краіны да павагі правоў чалавека” – дадаў ён. Заходнія краіны павінны зразумець, што вытворчасць і продаж зброі, не дапаможа. Замест гэтага варта вырабляць жыццёва важныя рэчы, падкрэсліў кіраўнік Халдэйска-Каталіцкай Царквы.







All the contents on this site are copyrighted ©.