2013-10-28 12:41:18

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва: ватыканскія фінансы сталі больш празрыстымі


RealAudioMP3 Ватыкан зрабіў свае фінансавыя аперацыі больш празрыстымі. Да гэтай высновы прыйшло рэйтынгавае агенцтва “Standard Ethics”. У сваім рэйтынгу, апублікаваным 28 кастрычніка 2013 г., яно павысіла класіфікацыю Ватыкана з “EE –” на “EE”. Маленькая дзяржава шчыльна падышла да міжнародных стандартаў празрыстасці і аўдыту, гаворыцца ў паведамленні агенцтва, штаб-кватэры якога знаходзяцца ў Лондане і Брусэлі. Найбольш важным крокам у гэтым кірунку стала ўступленне ў сілу 8 кастрычніка 2013 г. новага закону па барацьбе з адмываннем грошай. Ён пашырыў паўнамоцтвы Бюро фінансавай інфармацыі, як рэгулятара фінансавай дзейнасці ў межах Ватыкана.

Рэйтынг “EE” азначае, што ўзровень бяспекі і празрыстасці фінансавай сістэмы з’яўляецца вышэйшым за сярэдні. Найлепшы вінік – “EEE” атрымалі толькі чатыры дзяржавы: Данія, Ісландыя, Нарвегія і Швецыя. Германія, Аўстрыя , і дзевяць іншых дзяржаў былі ацэнены на “EEE –“. З рэйтынгам “EE” Ватыкан знаходзіцца ў адной групе з Італіяй, Японіяй і Грэцыяй.

У адрозненне ад традыцыйнай ацэнкі рэйтынгавых агенцтваў, “Standard Ethics” ацэньвае краіны па шкале ўстойлівасці і празрыстасці. Асновай для гэтага з’яўляюцца кіруючыя прынцыпы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця і Еўрапейскага саюза. “Standard Ethics” уключыў Ватыкан у свой рэйтынг у лютым 2013 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.