2013-10-28 09:36:55

Беларускія вернікі на Дні сем’яў у Ватыкане


RealAudioMP3 У Дні сем’яў, які 26-27 кастрычніка прайшоў у Ватыкане, прыняла ўдзел група пілігрымаў з Пінскай дыяцэзіі. Яны прыбылі ў Вечны горад у суправаджэнні кс. Пятра Бялевіча, каб разам з больш чым сотняй тысяч іншых сем’яў з розных краін свету, перажыць цудоўны момант умацавання ў веры побач са Святым Айцом. Акрамя таго, беларускія пілігрымы завіталі на Ватыканскае радыё, каб падзяліцца некаторымі думкамі аб значэнні хрысціянскай веры для сямейнага жыцця. Паводле Любові Дэвіск, верніцы з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, вера дапамагае ў сямейным жыцці: умацоўвае, дае сілы неабходныя, каб змагацца са складанымі жыццёвымі сітуацыямі. “Калі давяраем Богу – то бачым рэзультаты”, - адзначыла яна.

Ганна Дэвіск з Пінску лічыць, што дзякуючы малітве і прысутнасці веры ў сям’і, яе дзеці атрымалі цудоўны прыклад і здолелі стварыць свае ўласныя, моцныя сем’і. Такім чынам пілігрымы з Беларусі пагадзіліся, што сям’я – гэта прывелеяванае месца для перадачы хрысціянскай веры. Каб моладзь вучылася любіць Евангелле і жыць паводле яго, на іх думку, важна каб у сямейным асяродзі знаходзіўся час на кантакт з Богам праз малітву і чытанне Святога Пісання.

Кажучы пра касцёльныя ініцыятывы на карысць сям’і, якія існуюць у Пінску, Дзмітры і Ірына Бакуменка, маладыя вернікі, якія злучыліся сакрамэнтам сужэнства 5 кастрычніка 2013 г., адзначылі важнае значэнне перадшлюбнай катэхезы і кантакту са святаром, які тлумачыў, як жыць разам па-хрысціянску.

Акрамя таго, вернікі падзяліліся, што ў пінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі дзейнічае супольнасць “Маці ў малітве”, члены якой збіраюцца адзін раз у тыдзень, каб памаліцца за свае сем’і, паразважаць над Евангеллем і паразмаўляць са святаром.








All the contents on this site are copyrighted ©.