2013-10-28 13:33:15

100-годдзе смерці Пія X: рэфарматар Касцёла свайго часу


RealAudioMP3 У 2014 г. будзе адзначацца 100-годдзе смерці Пія Х, якога часта называюць рэфарматарам ХХ ст. Пантыфік аказаў значны ўплыў на пытанні, якія пазней уздымаліся падчас ІІ Ватыканскага Сабору. “Гэта быў Папа адкрыты на сучаснасць. Ён здзейніў рэформу Рымскай курыі, адмяніў права вета кіраўнікоў дзяржаў на выбар канклаву і паспрыяў стварэнню Кодэкса кананічнага права”, - нагадаў член Папскага камітэта гістарычных навук Джанпаола Раманата ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву італьянскага епіскапата.

Прафесар назваў “непаразуменнем”, што імя настолькі “аднаўленчага” Папы захапілі традыцыяналісты (Брацтва св. Пія Х), “амаль зрабіўшы сімвалам паўстання супраць Касцёла і расколу”. Пантыфіка можна назваць “найвялікшым рэфарматарам унутранага жыцця Касцёла пасля Трыдэнцкага Сабору”, - лічыць касцёльны гісторык.

Хоць Францішка і Пія Х аддзяляюць стагоддзі, у двух Пантыфікаў “відавочныя некаторыя падобныя рысы”, паміж імі існуе некаторая “блізкасць”, лічыць Раманата. Перш за ўсё, абодва паходзяць з простай сям’і, яны развіваліся “не на рымскім” культурным фоне і рабілі касцёльную кар’еру па-за Вечным горадам і Рымскай курыяй. Абодва былі абраны пасля выключных падзей: Пій X у выніку аўстрыйскага вета на абранне сіцылійскага кардынала Рамполла дэль Ціндара, а Францішак пасля адстаўкі свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI. І, нарэшце, манера інтэрпрэтацыі пантыфікату і Францішкам, і Піем Х носіць характар свабодны і незалежны, звязаны з вялікай прастатой і адсутнасцю рымскай “помпы”.







All the contents on this site are copyrighted ©.