2013-10-25 12:27:28

Святы Айцец: споведзь – не сеанс у псіхіятра і не візіт у залу катаванняў


RealAudioMP3 Майце адвагу перад спаведніком называць грахі іх імёнамі, не хаваючы. З такім заклікам папа Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў Эўхарыстыі, якую 25 кастрычніка 2013 г. па-традыцыі цэлебраваў у 7.00 у капліцы ватыканскага Дома св. Марты. Гамілія Пантыфіка была прысвечана сакрамэнту споведзі. Спавядацца, паводле Папы, азначае ісці на сустрэчу з любоўю Езуса, з сардэчнай шчырасцю і дзіцячай прастатой, не адкідаючы, але наадварот – прымаючы “ласку сораму”, якая папярэднічае прабачэнню Божаму. Францішак адзначыў, што для многіх дарослых людзей, споведзь перад святаром уяўляе невыноснае намаганне, якое часта правакуе ўхіленне ад сакрамэнту ці пераманяе яго з моманту праўды ў простае выкананне абавязку. Папа нагадаў прыклад св. Паўла, які не баяўся публічна вызнаваў перад супольнасцю: “не жыве ўва мне добрае”.

На думку Святога Айца, перад абліччам споведзі, многія шукаюць апраўднання, маўляў, “усе мы грэшнікі”. Калі гэта застаецца толькі манерай так казаць, то азначае, што не маем патрэбы ў прабачэнні Божым. Але калі для нас гэта рэальнасць, якая робіць рабамі – значыць маем патрэбу ў гэтым унутраным вызваленні Пана, у гэтай сіле.

Францішак адзначыў важнасць таго, каб споведзь была “канкрэтнай” і здзейсненай перад “братам святаром”. “Некаторыя кажуць: “Я спавядаюся перад Богам”. Але гэта проста, як паспавядацца праз e-mail: Бог там, далёка, я кажу яму рэчы і няма кантакту твар у твар, вочы ў вочы. Павел жа вызнаваў сваю слабасць перад братамі твар у твар. Іншыя кажуць: “Я пайду паспавядацца”, але спавядаюцца з рэчаў абстрактыных, у паветра, якія не маюць ніякай канкрэтыкі – таго ці іншага я не рабіў. Спавядацца з нашых грахоў не значыць ісці на сеанс да псіхіятра, ці ў залу катаванняў: гэта значыць сказаць Пану: “Пане – я грэшнік”, але сказаць гэта праз брата, сказаць гэта канкрэтна: “я грэшнік таму, таму і таму”, - заклікаў Папа.

Такім чынам споведзь павінна быць канкрэтнай і шчырай, але таксама неабходна быць здольнымі сароміцца ўчыненых памылак. Пантыфік заклікаў браць прыклад з дзяцей:

“Малыя, маюць гэту мудрасць: калі дзіця ідзе спавядацца ніколі не кажа абстрактных рэчаў. “Але, ойча я зрабіў гэта і гэта маёй цётцы, іншаму я сказаў гэта слова” і кажуць слова. Яны канкрэтныя. Маюць гэту праўдзівую прастату. А мы маем схільнасць хаваць рэчаіснасць нашых слабасцяў. Але ёсць цудоўная рэч: калі спавядаемся з нашых грахоў, як у прысутнасці Бога, заўсёды абчуваем ласку сораму. Сароміцца перад Богам – гэта ласка”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў таксама прыклад св. Пятра, які сароміўся свайго граху , пасля таго, як Езус учыніў цуд на возеры. Апостал сказаў: “Адыйдзі ад мяне Пане, бо я грэшнік”. “Ён сароміўся свайго граху перад святасцю Езуса Хрыста”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.