2013-10-25 14:11:24

Арцыбіскуп Чэлі пра твіт-паведамленні Папы


RealAudioMP3 “Культура адходаў прыносіць шмат горкіх плёнаў, ад марнавання ежы да ізалявання шматлікіх пажылых людзей”. Такое паведамленне папа Францішак скіраваў 25 кастрычніка праз свой акаунт у “Твітэры”. Колькасць карыстальнікаў гэтай сацыяльнай сеткі, якія штодзённа атрымліваюць паведамленні Святога Айца паступова набліжаецца да 10 млн. чалавек і на думку арцыбіскупа Клаўдыё Марыі Чэлі, дасягне гэтай лічбы ў бліжэйшыя два дні. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі расказаў, што “твіты” Францішка дасягаюць каля 60 млн. чалавек, улічваючы тое, якая вялікая колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў дзеліцца імі са сваімі сябрамі. “Гэта значыць, што на жыццёвым шляху, з яго цяжкасцямі, нялёгкімі момантамі, кожны з гэтых сяброў атрымлівае на свой мабільны “твіт” Папы, які можам назваць “пілюляй”, “душам духоўнасці і надзеі”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Чэлі пагадзіўся, што фармат твіт-паведамленняў, якія не могуць уключаць больш за 140 друкаваных знакаў, канешне ставіць пэўныя межы, але ў Ватыкане таксама ўлічваюць, што і Езус прамаўляў вельмі канкрэтным чынам – выкарыстоўваў мову накшталт “міні-твітаў”. “Узгадаем аб фармуліроўцы евангельскіх благаславенстваў: “Шчаслівыя бедныя духам”. У гэтым сказе ёсць усё Евангелле і адначасова, ён складаецца менш чым з 140 знакаў”, - сказаў ватыканскіх іерарх. Узгадваючы словы Бэнэдыкта XVI ён адзначыў, што “праз маўчанне можна набыць здольнасць перадаваць з прастатой, непасрэднасцю і з дапамогай менш чым 140 знакаў, паняцці і каштоўнасці, фундаментальныя для жыцця сучаснага чалавека”.

Гаворачы аб будучых праектах Папскай рады па сродках масавай камунікацыі іерарх адзначыў, што між іншым, яе члены прыглядаюцца да прысутнасці папы ў “Фэйсбук”, якая набыла тут вялікі рэзананс і заўсёды павялічваецца.








All the contents on this site are copyrighted ©.