2013-10-23 13:06:30

“Веру, ведаю, разумею”. Лячэнне духоўных хваробаў: сквапнасць і шчодрасць


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Лячэнне духоўных хваробаў”, у рамках якога размаўляем пра глыбокія, часта цяжкія для распазнання духоўныя немачы, якія перашкаджаюць жыць па-сапраўднаму поўна і шчасліва. Сёння мы пахілімся над чарговай “хваробай” – сквапнасцю, а таксама паспрабуем вызначыцца з “лекам”, неабходным для яе лячэння. Як і ў выпадках з іншымі духоўнымі хваробамі, у іх выяўленні дапамагае Божае слова, якое як “лямпа” асвятляе наша сэрца і дазваляе бачыць усё, што ў ім схавана. Можна даверыцца гэтаму святлу без страху, таму што яно міласэрнае, а не асуджаючае.

“Для чаго даброты чалавеку сквапнаму?”, - пытаецца аўтар Кнігі Мудрасці Сіраха. Сапраўды, сквапны, які з’яўляецца ўважлівым захавацелем дабротаў, па-сапраўднаму не ўмее імі карыстацца. Ён іх робіць “сваімі”, “захоўвае”, але трымае выключна для сябе. Канешне, багацці нам неабходны, каб праяўляць нашы здольнасці, адчуваць сябе важнымі і сцвярджаць сябе, мець пэўныя гарантыі, неабходныя ў гэтым нестабільным жыцці. Але трэба быць уважлівым – сквапнасць, нараджаецца незаўважна, а на яе пачатку заўсёды прысутнічае рацыянальнае меркаванне. Паступова, мы пачынае ствараць для сябе патрэбы, якіх на самой справе не існуе, перастаем заўважаць мяжу паміж умеранасцю і сквапнасцю, і, нарэшце, трапляем у палон уласных скарбаў.

Сквапны чалавек любіць не самаго сябе, а даброты, якія збірае. І таму з’яўляецца нешчалівым. Без дару немагчыма стварыць умовы для радаснага і поўнага жыцця. Тым больш немагчыма любіць іншых. Чалавек, заклапочаны толькі захаваннем скарбаў, паступова становіцца пражэрлівым, маніякальна прагнучым багацця, сумным, адзінокім і баязлівым. Сквапны бачыць у бліжнім патэнцыйнага рабаўніка і баіцца просьбаў.

Св. Аўгустын казаў, што “самыя драпежныя жывёлы маюць межы сваіх жаданняў, бо нападаюць толькі пакуль адчуваюць голад, але калі яны сытыя, пакідаюць здабычу. Сквапнасць – не насычаецца ніколі”.
Вельмі складана сказаць “хопіць” сквапнасці. У Кнізе Эклезіяста чытаем: “Хто любіць серабро, той не насыціцца серабром, і хто любіць багацце – таму няма карысці ад яго. І гэта – марнасць! Памнажаецца маёмасць, памнажаюцца і набываючыя яго; і якая карысць для таго, хто валодае ім: хіба толькі глядзець сваімі вачыма?” (Экл 5,9).

Сквапны застаецца без бліжніх і такім чынам без радасці. Багаццяў яму заўсёды недастаткова – заўсёды не хапае чагосьці, каб адчуваць сябе добра. Менавіта таму Езус кажа не прывязвацца да дабротаў: “Ніхто не можа служыць двум гаспадарам”. “Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё” (Мц 6,19-21).

Каб знайсці сродак ад сквапнасці, неабходна пачаць з разважання аб гэтых словах Езуса. Пан патрабуе маленькай, пакорнай і канкрэтнай дысцыпліны шчодрасці, якая паступова будзе станавіцца больш глыбокай. Трэба рабіць дабро памятаючы словы св. Паўла: “Мы нічога не прынеслі ў гэты свет і нічога не вынясем з яго”. Затым апостал кажа: “Калі маем што есці і чым накрыцца, будзем задаволены гэтым. Жадаючыя абагачацца трапляюць у спакусу і ў сеткі і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасці, якія паглыбляюць людзей у беды і пагібель; бо корань усякага зла – гэта любоў да багацця, паддаўшыся якой многія адышлі ад веры і самі сябе падверглі многім цярпенням” (1 Цім 6,8-10).

Менавіта дар, а не захаванне, робяць шчаслівым. Імкненне быць карысным і дапамагаць – гэта шлях да радасці. Можна практыкавасць шчодрасць не толькі ў вялікіх справах, але таксама і маленькіх – робячы дабро бліжнім “не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог”. Шчордая дапамога і ахвяра – гэта шлях да аздараўлення сэрца.








All the contents on this site are copyrighted ©.