2013-10-23 15:59:47

Хрысціянства і літаратура. Уводзіны


Шаноўныя радыёслухачы, вы слухаеце першую перадачу, якой сёння я, а. Андрэй Буйніч, распачынаю новый радыё-цыкл, новую рубрыку-праграму, якую мы назавем "Хрысціянства і літаратура". Напэўна ў гэтым спалучэнні (гэтых двух тэмаў: хрысціянства і літаратуры) няма нічога дзіўнага і не я першы намагаюся зрабіць рэфлексію, разважанні, якія б паказалі, што хрысціянскі светапогляд аўтараў часта ўплывае і праяўляецца ў паасобных літаратурных творах.

Напрыклад у 20-м стагоддзі вялікую папулярнасць здабыў цыкл лекцый прачытаных вядомым папулізатарам хрысціянства, праваслаўным святаром, а. Аляксандрам Меням. Гэты цыкл быў выдадзены пад назвай больш вузкай - "Біблія і літаратура". У гэтых лекцыях а. Аляксандр разглядае старажытныя і сярэднявечныя апокрыфы, старажытую рускую літаратуру, літаратуру з XVII па XX стагоддзе.

У гэтых нашых перадачах я не стаўлю перад сабой мэту зрабіць падобны сістэматычны агляд, але хутчэй жадаю з'вярнуць вашую ўвагу, сябры, на тыя літаратурныя творы і тых аўтараў, якія хутчэй за ўсё вам ужо вядомыя. Гэта будуць творы і аўтары, да якіх мне і самому хочацца вяртацца – гэта зачытаныя кнігі з маёй кніжнай паліцы, якія самі адчыняюцца на патрэбнай старонцы і ў стане засмактаць чытача на многія гадзіны...

Каментары да Святога Пісання

Вядомы польскі пісменнік габрэйскага паходжання, Бранштэдтар, аднойчы выказаў думку, што ўсе кнігі ў гэтым свеце з'яўляюцца каментарамі Святога Пісання. Напэўна, што такое сцверджанне з'яўляецца дыскусійным, аднак гэта максіма, а значыць яна павінна разглядацца, як тое, што правакуе да мыслення. Сапраўды, існуюць шматлікія аўтары, якія будучы хрысціянамі, адлюстроўвалі свой хрысціянскі светапогляд у сваіх кнігах.

Адныя (як ангельскія пісьменнік Чэсцертан ці Клайв Льюіс) больш яўна, другія (як вядомы таксама ангельскі пісменнік Толкін) менш яўна... Зрэшты, дзе тыя крытэрыі па якім можам сказаць, што вось гэта кніга, сапраўды з'яўляецца каментаром Святога Пісання? Таксама паўстаюць пытанні, а ці могуць аўтары, агносцікі па свайму светапогляду, напісаць твор, у якім будуць хрысціянскія матывы, і ці будзе такі твор каментаром Святога Пісання?

У гэтай рубрыке я зусім не збіраюся расстаўляць кропкі над «і», ды вешаць на вядомыя і меньш вядомыя творы «цэтлікі». Лічыце лепей, што вашай увазе прадстаўленна маё асабістае (і неабавязкова беспамылковае) прачытанне кнігі – чалавека, хрысціяніна ды каталіцкага святара.

Іншымі словамі я буду распавядаць вам пра тыя «каментары Святога Пісання» і тых «каментароў» (паводле разумення Бранштэтара), якія я сам для сябе адкрыў. І да такіх «каментатараў», якія стаяць першымі ў маім «каноне», належаць некаторыя ангельскія пісменнікі.

«Оксфардскія хрысціяне»

Як я ўжо зазначыў, існуе несумненна сувязь паміж хрысцінскімі творамі і іх аўтарамі. Але не толькі. Такія сувязі існуюць і паміж самімі аўтарамі, якія адзін на другога ўплывалі. Часта вядомыя пісьменнікі (калі яны не былі яшчэ вядомымі) ведалі адзін аднаго, а нават сябравалі. Калі кажу гэтыя словы, то маю на ўвазе вельмі канкрэтны прыклад двух пісьменнікаў-сяброў, якія жылі і працавалі ў 20-м стагоддзі ды слава якіх грыміць гучна і сёння.

Мова ідзе пра Клайва Стэйпла Стэнлі Льюіса, аўтара вядомых папулярных тэалагічных трактатаў і «Хронікаў Нарніі», ды Джона Рона Рональда Толкіна, аўтара не менш вядомага «Уладара пярсцёнкаў». Магчыма гэта будзе неспадзяванкай для некаторых нашых юных слухачоў (тут мне хочацца ў асаблівы спосаб звярнуцца да вас, юныя сябры), але аднаімённыя звышпапулярныя кінастужкі не паўсталі на пустым месцы. Таму калі вы хочаце дакрануцца крыніцаў, то вам неабходна пазнаёміцца з творчасцю гэтых аўтараў.

Аднак я хацеў расказаць некалькі словаў пра сяброўства гэтых двух пісменнікаў, якія належалі да г.зв. кола «оксфардскіх хрысціянаў», будучы адначасова выкладчыкамі, прафесарамі гэтага славутага ўніверсітэта. Трэба зазначыць, што амаль усіх сваіх сяброў Толкіна забрала Першая сусветная вайна, у якой Толкін і сам прымаў удзел. Тое былі сябры яго юнацтва і маладосці, смерць якіх ён асабліва перажываў.

У 1925 г., калі Толкін вярнуўся ў Оксфард, у ягоным жыцці не было сяброў. Вось чаму з'яўлення ў яго сталым, дарослым жыцці новага сябра было сапраўдным падарункам ад Божага Провіду. Знаёмства з Льюісам стала магчымым дзякуючы літаратурнаму клубу The Coalbiters (тыя, хто грызе вугаль), які стаў (паводле некаторых даследчыкаў) асновай вядомага клубу The Inklings. У траўні 1927 году Толкін запрасіў Льюіса ў клуб The Coalbiters, жадаючы зацікавіць яго ісландскімі сагамі. Вось так і пачалося і доўгае і складанае сяброўства.

Напачатку паміж ім захоўвалася пэўная адлегласць з прадузятасці, бо належалі традыцыйна да розных веравызнанняў ды мелі розныя погляды на навучальную праграму ва ўніверсітэце. У сваёй аўтабіяграфіі «Suprised by joy» (Здзіўлены (насцігнуты) радасцю) Льюіс пісаў: «Калі я прыйшоў на свет мяне перасцераглі (апазрэдвана) каб ніколі не давяраў католіку, а пры ўваходзе ў свет ангелькай прафесуры перасцераглі (непасрэдна), каб ніколі не давяраў філолагу. Толкін быў і першым і другім» (D. Grotta, Tolkien. Twórca śródziemia, c. 112).

Важным і цікавым фактам ёсць той, што Льюіс вярнуўся да хрысціянства не без дапамогі Толкіна. Вось словы, якія будучы аўтар «Уладара пярсцёнка» аднойчы сказаў Пшэмыславу Мрачкоўскаму: ««Перацягнуў я яго ад атэізма аж да англіканскай Царквы» - сказаў ён тонам хвалька, даючы зразумець, што хацеў бы навярнуць Льюіса на каталіцтва» (D. Grotta, Tolkien. Twórca śródziemia, c. 99).

На гэтым шаноўныя сябры дазвольце скончыць першую праграму з новай рубрыкі «Хрысціянства і літаратура». У наступнай перадачы мы працягнем нашае падарожжа ў сусвет ангельскіх пісменнікаў, «оксфардскіх хрысціян». І добрага вам чытання!








All the contents on this site are copyrighted ©.