2013-10-23 16:27:25

Хрысціянства і літаратура. Клайв Льюіс (ІІ)


У мінулай перадачы мы пачалі знаёміцца з Клайвам Стэйплзам Стэнлі Льюісам – вядомым ангельскім пісменнікам.

Міфы і Хрысціянства

У мінулай перадачы я ўжо зазначыў, што знакамітым Льюісам, зрабіла яго навяртанне да Хрыста. Гэта быў доўгі шлях. Асноўныя цяжкасці ў прыняцці хрысціянства былі інтэлектуальнага і, як гэта не дзіўна, літаратурнага характара. Справа ў тым, што ў асяроддзі Льюіса – асяроддзі выкладчыкаў літаратуры і моваў – на Евангеллі было прынята глядзець, як на набор міфаў, толькі як на свайго роду літаратурны гатунак. Аднак менавіта міфалогія стала першапачатковай супольнай зацікаўленасцю Льюіса і яго сябра Дж.Р.Р.Толкіна.

Льюіс з дзяцінства быў захоплены германской міфалогіяй, а ў Толкіне ён знайшоў яшчэ аднаго інтузіяста. Акрамя гэтага Льюіс бачыў у Толкіне чалавека вострага розуму і яскравага інтэлекта, што не перашкаджала апошняму заставацца перакананым хрысціянінам. У першыя годы сяброўства яны часта сустракаліся ў Льюіса і размаўлялі, дыскутавалі. Несумненна, што шматлікія гадзіны іх дыскусій былі прысвечаны таксама і хрысцінству.

"Праўдзівы міф"

19 верасня 1931 года Льюіс, Толкін і таксама госць Льюіса Хью Дайсон (які таксама быў хрысціянінам) сустрэліся на абедзе ў Модлін-Коледж. Пасля позняга абеду сябры пайшлі на шпацыр – размова, канешне, ішла пра хрысціянства. Льюіс пагаджаўся з існаваннем Бога, але не мог зразумець ролі Хрыста. Ён не мог зразумець сэнс, прызначэнне Яго Ўкрыжавання і Ўваскрасення. Толкін і Дайсон намагаюцца пераканаць Льюіса, што ідэя бога, які ўваскрасае ў германскай міфалогіі ў поўні рэалізавалась ва Ўваскрасенні Хрыста.

"Але ж міфы – гэта хлусня, хай сабе і пасрэбраная" – пярэчыць Льюіс. "Не, - адказаў Толкін, - міфы – не хлусня. (...) Міф – гэта тое, што мы выдумалі пра ісціну". Нарэшце Льюіс пачынае разумець аргументы сяброў і так фармулюе іх бачанне: "Г.зн. вы хочаце сказаць, удакладніў Льюіс, што гісторыя Хрыста – гэта проста праўдзівы міф, міф, які ўплывае на нас падобна іншым, але ў той жа час ён адбыўся насамрэч! Тады, сказаў ён, я пачынаю разумець..." (Х.Карпентер).

У сваёй аўтабіяграфіі "Здзіўлены радасцю" Льюіс піша: "Я вельмі добра памятую момант, калі я прайшоў апошні адрэзак шляху, хоць наўрад ці разумею, як гэта адбылося. Аднойчы сонечнай раніцай, я выйшаў у заалагічны парк. Напачатку я яшчэ не думаў, што Ісус Хрыстос – сын Божы; калі мы дайшлі да месца, я цвёрда гэта знаў". Гэта было раніцай 28 верасня 1931 года – праз 9 дзён ад той знакавай начной дыскусіі. А на дванаццаты дзень Льюіс піша свайму сябру Артуру Грівзу, што ён перайшоў ад веры ў абстрактнага Бога, да больш акрэсленай веры ў Ісуса Хрыста. Вось так і пачалося для Льюіса жыццё ў Хрысце.

Творчы поспех

З моманту навяртання і пачынаецца творчасць Льюіса, якая прынесла яму славу. Ён піша шэраг тэалагічных папулярных трактатаў, якія адразу былі прыняты чытачамі.

Першы з іх "Вяртанне пілігрыма" (аўтабіяграфічны) выйшаў вясною 1932 году. У 1940-м годзе з'яўляецца кніга "Цярпенне", у якой аўтар дакранаецца напэўна найбольш цяжкай тэалагічнай тэмы, а ў 1941-м выдае "Лісты Баламута" (паводле Льюіса Ўілсана гэты твор быў прысвечаны Толкіну).

У гэтай кнізе, якая напісана ў жартаўлівай форме лістоў старога чорта да маладога, распавядаецца пра падставовыя праблемы духоўнага жыцця неафіта. Менавіта з гэтага твора да Льюіса прыходзіць сусветная вядомасць: тыраж "Лістоў..." перавысіў міліён асобнікаў!

Льюіса запрашаюць выступать з лекцыямі. Кожную сераду ўвечары яму даюць пятнадцаць мінут на радыё. З гэтых радыёразмоваў і нараджаецца чарговая кніга "Проста хрысціянства". У 1945 г. выходзіць "Скасаванне шлюбу", у 1947 – "Цуд".

Сусветная папулярнасць Льюіса не прыносіць аднак яму папулярнасці ў колах прафесуры, сярод яго калегаў. Магчыма справа была ў зайздрасці. (Нават некаторыя даследчыкі лічаць, што сам Толкін быў выпрабаваны папулярнасцю свайго сябра). Магчыма таксама, што справа была ў яго павярховым (як некаторыя лічылі) стыле.

На пачатку 1948 году Льюіс быў "пабіты" у публічным дыспуце прысвечаным яго кнізе "Цуд" Элізабэт Энском. Параза была тым больш балючай, што яго перамагла жанчына, якая была не атэісткай, але хрысціянкай! Гэта быў удар ад "сваіх" і, хоць пра гэта не было шырока вядома, але Льюіс моцна гэта перажываў.

У 1957 годзе Льюіс здзівіў сваіх сяброў, бо ўжо ў сталым узросце ажаніўся на Джой Давідман, якая памерла праз тры гады ад рака ў пакутах. Гэта была асабістая трагедыя Льюіса, якая выклікала ў яго шматлікія пытанні да Бога. Духоўны крызіс паглыбіў ягоную веру. Праз тры гады, пасля смерці жонкі, не дажыўшы да 65 год, памірае і Льюіс (таксама ад рака).

Гісторыю Льюіса, сябры, я падаю ў вялікім скароце. Радасць і цярпенне, слава і адзіноцтва, каханне, сяброўства ды вера – усё гэта было ў жыцці кембрыжскага прафесара, папулірызатара і апалагета хрысціянства.

Ён праляцеў скрозь жыццё да сваёй Мэты, як ядро з гарматы, аднойчы сцвердзіўшы для сябе: "Тут і толькі тут, адзіны раз у гісторыі, міф стаецца ісцінай, Слова – плоццю, Бог – чалавекам. Гэта не рэлігія і не філасофія – гэта іх вершыня і спаўненне". Жадаю і вам, шаноўны радыёслухачы, знайсці сваю такую гармату... Магчыма, што так станецца на шляху... вашага добрага чытання.

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.