2013-10-23 16:25:17

Хрысціянства і літаратура. Клайв Льюіс (І)


RealAudioMP3 Калі хтосьці рэгулярна слухае гэту перадачу, то ведае, што апошнія яе выпускі былі прысвечаны вядомаму ангельскаму пісьменніку Дж.Р.Р.Толкіну. У мінулай перадачы мы з ім развіталіся, затое сёння надышла чарга пазнаёміцца з ягоным лепшым сябрам – не менш вядомым пісьменнікам – Клайвам Стэйплзам Стэнлі Льюісам.

Заўсёды цяжка распавядаць пра знакамітых людзей. У якім святле прадстане ён у нашых перадачах? Быць можа варта пачаць з навяртання Прафесара, якое раз і назаўсёды дало пачатак існаванню такога Льюіса-аўтара, якога мы сёння ведаем – папулірызатара і апалагета хрысціянства.

Неабходны ўступ

Перад тым як пяройдзем да тэмы навяртання, дазвольце, сябры, што я зраблю кароткі, але неабходны біяграфічны ўступ. Льюіс нарадзіўся ў Бэлфасьце (Ірляндыя) 29 кастрычніка 1898 году. Яго маці Флорэнс Аўгуста Льюіс была дачкой англіканскага святара.

Пасля заканчэння школы ў 1917 годзе Льюіс паступае ў Юнівэсіты-коледж у Оксфардзе. У хуткім часе перапыняе навуку і ідзе ў брытанскае войска, удзельнічае ў Першай сусветнай вайне, але ўжо ў 1918 годзе ён быў паранены і дэмабілізаваны. Клайв вяртаецца ва ўніверсітэт, дзе сканчвае сваю адукацыю.

У 1923 годзе Льюіс атрымоўвае належныя навуковыя ступені ды становіцца выкладчыкам філалогіі. З 1925 па 1954 г. ён выкладае ангельскую мову і літаратуру ў коледжы Магдаліны ў Оксфардзе. Варта тут зазначыць, што не гледзячы на тое, што большась жыцця Льюіс пражыў у Англіі ды выкладаў ангельскую мову, але вызнаваў ён сябе ірландцам. Аднак пісаў ён па-ангельску, таму, паводле моўнага крытэрыя, ён лічыцца ангельскім пісменнікам.

Нам, беларусам, гэта сітуацыя цалкам знаёмая. Дастаткова ўзгадаць нашага земляка паэта Адама Міцкевіча, які вызнаваў сваёй айчынай Беларусь, але пісаў па-польску.

Шлях да Бога

Таму, хто хоча пазнаёміцца ў поўні з духоўнымі пошукамі Льюса, я б параіў прачытаць ягоную аўтабіяграфію “Здзіўлены радасцю”. У рознай біяграфічнай літаратуры падкрэсліваецца раптоўнасць ягонага навяртання. Напэўна так яно і было, аднак, калі чытаем уважліва яго аўтабіяграфію, то разумеем – гэта навяртанне было падрыхтаванае рознымі падзеямі і шматлікімі разважаннямі Прафесара. Між іншым на яго паўплывала лектура знакамітага пісьменніка і хрысьціяніна-католіка Чэсцертана (спадзяюся, што і да яго мы дабярэмся ў нашай праграме). Дазвольце мне тут зацытаваць пэўны урывак з вышэйзгаданай кнігі з некаторымі скарачэннямі:

І тут я прачытаў “Вечнага чалавека”, і ўпершыню хрысціянскі погляд на гісторыю падаўся мне разумным і паслядоўным. Я на розны спосаб намагаўся абараніцца ад гэтага шока. Як вы памятаеце, я і раней лічыў Чэсцертана самым разумным чалавекам на свеце, “калі адкінуць на бок яго хрысціянства”. Ну дык вось, цяпер у мяне атрымоўвалася (зразумела, што гэтага я немог выказаць словамі), што і хрысціянства цалкам разумна, “калі адкінуць на бок хрысціянства”. (…) На пачатку 1926 году самы ўпарты з усіх маіх знаёмых атэістаў прыйшоў да мяне, сеў каля агменя і абвесціў, што доказы гістарычнай аўтэнтычнасці Евангелляў занадта моцныя. “Нейкая лухта, - бурчэў ён. – Усе гэтыя паміраючыя богі у Фрэзера… Не, поўная лухта! Нават здаецца, што адзін раз гэта і насмрэч “адбылося””. Каб зразумець маё зшакаванне, улічыце, што гэты чалавек ні раней, ні пазней не праяўляў нават малой зацікаўленнасці да хрысціянства.

Тры гады пазней, у адну з начэй 1929 году, пасля цяжкай унутранай барадзьбы і сумненняў, Льюіс укленчыў і вымавіў малітву. Як ён сам гаворыць пра гэта: “У тую ноч, напэўна, я быў самым змрочным і панурым з усіх неафітаў Англіі. Тады я яшчэ не разумеў таго, што яўна ззяе цяпер перада мною – я не бачыў, які пакорны Госпад, які прымае нованавернутага нават на такіх умовах”. Гэта навяртанне, аднак, як і сам зазначвае Льюіс было толькі да тэізму (г.зн. да прызнання таго, што Бог існуе), але не да хрысціянства. Як развіваліся падзеі далей? Пра гэта ў наступнай перадачы.

Калі ж у вас, сябры, няма церпялівасці чакаць, тады варта наведаць бліжэйшую бібліятэку, пазычыць там кнігу “Здзіўлены радасцю”, знайсі ўтульнае месца і… добрага вам чытання.
а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.