2013-10-23 16:12:30

Хрысціянства і літаратура. Дж.Р.Толкін (IV)


У фокусе нашай увагі, таксама як і некалькі папярэдніх перадачаў, ангельскі пісменнік Дж.Р.Р.Толкін. У мінулай перадачы мы пачалі гартаць яго найбольш вядомы твор «Уладар пярсцёнкаў». Я звярнуў вашую ўвагу на асаблівасці гераізму ў творчасці Толкіна. Гераізм у «Валадару пярсцёнкаў» з'яўляецца гераізмам даступным не толькі «вялікім і моцным», але тасама не ў меншай ступені «малым і пакорным». Гэта сапраўдны хрысціянскі гераізм.

Фрода, галоўны герой твора, вырашае ўзяць на сябе місію збавіць свет ад катастрофы, калі толькі зможа, хоць адначасова ён свёдомы таго (і прызнае гэта з пакорай), што зусім не падыходзіць для гэтага задання. Што ж (ці хто) дапамагае яму выйсці з гэтай Вандроўкі пераможцам?

Хто варты смерці?

Напачатку «Валадара пярсцёнкаў» знаходзіцца, на першы погляд, малапрыкметны дыялог паміж Фрода і ягоным сябрам Гэндальфам. Аднак гэты дыялог напэўна з'яўляецца самым важным ва ўсім творы, бо менавіта ён вырашае тое, якім будзе далейшы сюжэт твора і яго заканчэнне.

У гэтым дыялогу Гэндальф пераконвае Фрода пра неабходнасць міласэрнасці ў дачыненні да Глыкса (у найбольш вядомым расійскім перакладзе – Голума). Фрода шчыра шкадуе, што Більба ў свой час не забіў нягодніка, калі была такая магчымасць. Аднак Гэндальф досыць сувора перапыняе яго:

«Шкада, кажаш? Менавіта шкадаванне й спыніла ягоную руку. Шкадаваньне й міласэрнасьць. Ён ня стаў забіваць, таму што мог абысціся без забойства. І быў добра ўзнагароджаны. Менавіта таму пярсцёнак і пашкодзіў у такой малой ступені. Бо на пачатку былі шкадаванне й міласэрнасць» (Дж.Р.Р.Толкін, Уладар пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка, с. 62).

Фрода аднак гэта не пераконвае. Ён далей спрачаецца з Гэндальфам і заўважае, што Глыкс «ня варты жыцьця!». На гэта Гэндальф адказвае:

«Ня варты жыцьця? Магчыма, так. Сапраўды, шмат з тых, хто цяпер жыве, жыцьця ня вартыя. А колькі з тых, каго пазбавілі жыцьця, былі вартыя жыць? Можаш ты вярнуць ім жыцьцё? Калі не – не сьпяшайся прысуджаць да сьмерці. Бо нават і наймудрэйшым ня дадзена прадбачыць, як усё ўрэшце паверне» (Дж.Р.Р.Толкін, Уладар пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка, с. 62-63).

Шаноўныя сябры, мне не хочацца быць банальным, але ці ж не падаецца вам, што словы літаратурнага героя могуць быць выдатным аргументам у дыскусіях пра смяротнае пакаранне? Аўтар знаёмы са смерцю не паводле апавяданняў, але з уласнага жыцця (у чым мы пераканаліся ў папярэдніх перадачах) укладае ў вусны свайго персанажа філасоўскае, экзэстэнцыяльнае пытанне пра тое, хто варты смерці, а хто не.

«Можаш ты вярнуць ім жыцьцё?» - гэтае рытарычнае пытанне вымушае нас прызнаць, што гэта не мы з'яўляемся ўладарамі і распарадчыкамі жыцця, а таму не можам быць мы і распарадчыкамі смерці.

Літасць – нетрывіяльная зброя

«Бо нават і наймудрэйшым ня дадзена прадбачыць, як усё ўрэшце паверне» - так сказаў Гэндальф і Фрода яму паверыў. Далейшая гісторыя Фрода падсоўвае яму іспыт на тое, як ён засвоіў урок дадзены яму Гэндальфам.

Менавіта шляхі Фрода і Глыкса зноў крыжуюцца. Глыкс хоча забіць Фрода і яго сябра Сэма ды забраць Пярсцёнак, аднак сам апыняецца ў іх руках. І тут ужо сам Фрода становіцца перад выбарам: быць міласэрным ці быць у бяспецы (што натуральна азначала забойства Глыкса).

У гэты момант адбываецца «анамнэзіс», прыгаданне ўласна таго непрыкметнага дыялогу з Гэндальфам, пра тое што ніхто не можа распараджацца смерцю, і Фрода шкадуе Глыкса ды пакідае яму жыццё. Сябры звязваюць яго ды вядуць за сабою на вяроўцы, бо адпусціць яго азначае ізноў апынуцца ў смяротнай небяспецы. Але і цягнуць з сабою Глыкса таксама смяротна небяспечна... Сам Толкін у адным з сваіх лістоў гаворыць пра гэта так: «Праявіць да яго «міласэрнасць», устрымацца ад забойства яго было шаленствам ці таксама актам містычнай веры ў канчатковую вартасць міласэрнасці і велікадушнасці, нават калі ў святле часу тое было катастрафічным» (Listy, c.351).

Гэтая рызыка, як бачна з перспектывы ўсяго твора, аказваецца адзіным правільным рашэннем, і дзякуючы яму стаецца ўратаваная ўся місія Вандроўкі. А сталася гэта так. На Гары Выраку, стоячы над яе полымем, Фрода канчаткова стаецца вязнем Пярсцёнка: «Я прыйшоў! Але зараз – вось, я вырашаю не ўчыняць таго, дзеля чаго я прыйшоў. Не, гэтага я не зраблю. Пярсцёнак мой!» (Дж.Р.Р.Толкін, Уладар пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля, с.215).

І вось у гэты момант Глыкс кідаецца на Фрода, адгрызае яму палец з Пярсцёнкам і, не ўтрымаўшыся, звальваецца ў прорву. Лёс (які мы, хрысціяне, ў рэчаіснасці называем Провідам) выкарыстоўвае Глыкса для завяршэння місіі Вандроўкі. Фрода так падсумоўвае гэтае здарэнне звяртаючыся да Сэма:

«Ці памятаеш ты Гэндальфа: «Глыксавае апошняе слова – добрае ці не – тут яшчэ не сказанае»? Калі б ня ён, я ня здолеў бы знішчыць пярсьцёнак. І вандроўка нашая сталася б дарэмнаю ў самым яе горкім канцы. Дык даруйма яму!» (Дж.Р.Р.Толкін, Уладар пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля, с.217).

На гэтым, так моцна павучальным моманце, дазвольце мне скончыць нашую перадачу. Хачу толькі прыгадаць, што трывае Вялікі Пост, а гэта той час, калі і мы можам стацца героямі. Дастаткова толькі праявіць адрабіну літасці да тых, хто як нам здаецца гэтага не варты. Жадаю вам, сябры, сапраўднай перамогі і... добрага вам чытання!

a. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.