Сёння мы пазнаёмімся з чарговым ангельскім пісьменнікам – Грэмам Грынам і яго раманам
«Сіла і слава».
Біяграфічныя звесткі
Грэм Грын быў раманістам,
навелістам, аўтарам падарожных нататак, эсэістам. Ён нарадзіўся ў 1204 годзе, у графстве
Хартфортшыр у сям'і дырэктара прывілеяванай школы Чарлза Грына і Марыён Рэйманд Грын,
старэйшай кузіны Робэрта Льюіса Стывэнсана. У сям’і ён быў чацвёртым з шасці дзяцей.
Грэм вучыўся ў бэркхэмстэдзкай школе. Там сталыя насмешкі аднакласнікаў прывялі Грына
да некалькіх спробаў самагубства і ў выніку вымусілі кінуць школу. Далей ён вучыўся
ў каледжы Баліёл у Оксфардзе. У 1924 г. Ён скончыў Окфардскі ўніверсітэт, некалькі
год працаваў памочнікам рэдактара ў «Таймс».
Грын быў таксама супрацоўнікам
брытанскага МЗС ды брытанскай разведкі (з 1941 по 1944). Ён шмат падарожнічаў, некалькі
разоў прыязджаў у Савецкі Саюз. З 1965 году Грын жыў у Францыі. Найбольш вядомыя яго
драматычныя раманы, якія закранаюць такія актуальныя палітычныя і сацыялагічныя тэмы,
як фашызм, нэакаланізм, карупцыя, дзейнасць спецыяльных сакрэтных службаў, улада грошаў
і моц багацця.
Таксама здзіўляе шырокая геаграфія раманаў Грэма Грына – Мексіка,
Гаіці, В'етнам, афрыканскія краіны, Лацінская Амерыка, Еўропа... Зрэшы нічога дзіўнага
ў гэтым няма, калі прыгадаць, што сам ён шмат падарожнічаў. Сам аўтар дзяліў свае
раманы на «забаўляльныя» і «сур'ёзныя». Мяжа аднак паміж імі з'яўляецца ўмоўнай, бо
і «сур'ёзныя» раманы забаўляюць, а «забаўляльныя» утрымліваюць сур'ёзны «мэсэдж».
На
беларускую мову перакладзены раманы «Стамбульскі экспрэс» (1992), Міністэрства страху
(1992), «Хто прайграе, бярэ ўсё» (1992), «Доктар Фішар з Женевы, або Вячэра з бомбай»
(1990).
Грын – католік
У 1926 годзе, ва ўзросце 22 год, Грын
прыняў каталіцызм. «Я павінен быў знайсці рэлігію, суразмерную маім грахам» - так
тлумачыць ён сваё навяртанне. Каталіцтва Грына не было аднак паслядоўным. Бачна
гэта з яго неўпарадкаванага асабістага і сямейнага жыцця. У 1927 ён ажаніўся на Вівьен
Дейрел-Браўнінг. Грын не быў добрым сем'янінам. Хоць ён і напісаў некалькі дзіцяцых
кніжак, аднак, сам прызнаваў, што не любіць дзяцей. Пасля разводу ён меў некалькі
палюбоўніц, якія былі замужам.
Каталіцкі светапогляд тым не менш выразна бачны
ў некаторых яго творах (хоць сам Грын быў супраць таго, каб яго называлі каталіцкім
пісьменнікам). Мы можам меркаваць, што ўсё сваё жыццё ён вёў барацьбу з сабой, сваімі
грэшнымі схільнасцямі. Грын памёр у Веве (Vevey), Швейцарыя, 3 красавіка 1991 года.
Падчас паніхіды святар сказаў: “Мая вера гаворыць мне, што ён цяпер з Богам або па
дарозе”.
«Сіла і слава»
Назва рамана «Сіла і слава» адсылае нас
да завяршальных словаў малітвы «Ойча наш»: «Бо тваё валадарства і сіла і слава, цяпер,
і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін». Гэта назва правакуе, асабліва тады, калі чытач
пачынае паглыбляцца ў чытанне рамана. Аб якой «славе» можа ісці гаворка, калі героі
кнігі жывуць у свеце, максімальна падобным на пекла?
Чытачу можа нават здавацца,
што дзеянне «Сілы і славы» разгортваецца ў нейкай нерэальнай краіне, аднак гістарычная
канва кнігі Грэма Грына абсалютна рэальная і дакладная. Проста мы мала ведаем пра
Мексіку - серыялы, каўбоі, пустыні... А між тым, на пачатку ХХ стагоддзя ў гэтай краіне
адбылася антыфеадальная рэвалюцыя, і новая ўлада паставіла Каталіцкую Царкву, а разам
з ёй ўсіх хрысціян, у гэтак ж жорсткае становішча, што і ўлада бальшавікоў веруючых
у Савецкім Саюзе.
Але ганенні, апісаныя ў рамане, не з'яўляюцца цэнтрам апавядання.
У цэнтры кнігі - адносіны чалавека і Бога. Галоўны герой кнігі - каталіцкі святар,
які застаўся, насуперак загаду ўладаў, са сваёй паствай. Ён таемна служыць Імшы, хрысціць,
спавядае і прычашчае. Будучы злоўленым - ня пазбегне смяротнага пакарання.
Кніга
магла б стаць яшчэ адным «раманам пра героя», але безназоўны святар - далёка не герой.
Навакольныя называюць яго «запойным папом» - і сапраўды, ад адзіноты і адчаю, некалі
шчаслівы, пасрэдны, у меру дабрадзейны святар пачынае піць, а падчас сваіх вандровак
нават прыжывае дзіця... Але ў яго штаце больш не засталося святароў, сыдзе ён - і
Царквы ў гэтым месцы не будзе: «Ён адзіны святар, якога запомняць дзеці. І ад яго
яны возьмуць сваё ўяўленне пра веру. Але ж менавіта ён, а не хто іншы, ўкладаў гэтым
людзям цела Хрыстова ў вусны. А калі сысці адсюль, тады Бог знікне на ўсёй гэтай прасторы
паміж гарамі і морам».
Героі Грына жывуць у свеце, максімальна падобным на
пекла, «невыразнасць» гістарычнага фону толькі падкрэслівае ўніверсальнасць сітуацыі.
Людзі страцілі ўсе: парадак, дабрабыт, надзею, мінулае і, магчыма, будучыню. Але не
страцілі Бога. Канфлікт паміж зямнымі і нябеснымі каштоўнасцямі ў «Сілы і славе»,
разгортваецца не толькі ў душы святара, але і паміж двума людзьмі, вырастаючы да ўзроўню
ідэалагічнага, філасофскага. З аднаго боку мы бачым «айца-п'янчужку», чалавека, жаласнага
і нямоглага ў многіх адносінах, але ён вырастае ў гераічную постаць, бо верыць, што
з'яўляецца «рукой Божай". З іншага боку - лейтэнант паліцыі, які з'яўляецца маральна
бездакорным, які прадстаўляе ідэі сацыяльнай справядлівасці і прагрэсу. Перад ім,
дарэчы, стаіць задача «знішчыць апошняга святара ў штаце». І гэты вобраз таксама па-свойму
гераічны...
Канец бясслаўны - святара расстрэльваюць, а ён так і не паспявае
стаць «сапраўдным героем». Уласна, а што значыць быць «сапраўдным» героем? Ці ж «сіла
і слава» ёсць толькі у назве гэтай кнігі? Калі і вам, сябры, цікава разгледзіць гэта
пытанне, то вам варта здабыць гэту кнігу Грэма Грына. І... добрага вам чытання.