2013-10-23 17:11:11

Хрысціянства і літаратура. Агата Крысці


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёміцца з ангельскай літаратурай і сёння ўпершыню ў нашай перадачы мы звернем увагу не на пісьменніка, а... на пісьменніцу. Па колькасці выданняў яе кнігі займаюць трэцяе месца пасля Бібліі і Шэкспіра. Нэпэўна няма чалавека, які б не чуў яе імя. Яна – знакамітая і непаўторная Агата Крысці!

Я не магу гэтага ведаць дакладна, сябры, але мне здаецца, што некаторыя з вас у гэты момант здзівіліся: як так, якое дачыненне да хрысціянскай перадачы мае аўтарка дэтэктыўных гісторый!? Аджа, я спадзяюся, што мы хутка пераканаемся ў тым, што і сама Агата Крысці і яе творчасць маюць да хрысціянства не малое дачыненне.


Агата Мэры Кларыса Малоўэн, пры нараджэнні Мілер, больш вядомая па прозвішчы першага мужа як Агата Крысці. Яна нарадзілася 15 верасня 1890, а памерла 12 студзеня 1976, пражыўшы поўных 85 лет.

Ахрышчана яна была ў англіканскай царкве. Па словах Агаты сваім рэлігійным светапоглядам яна абавязана сваёй няні, якая была біблейскай хрысціянкай. «Яна не хадзіла ў царкву, але чытала Біблію дома. Захоўваць Суботу яна лічыла святым абавязкам, а ўсялякая мітусня, на яе думку, была смяротным грахом у вачах Усемагутнага» - з доляй гумару адзначае пісьменніца ў сваёй «Аўтабіяграфіі».

У пэўны спосаб паўплывала на Агату і маці, якая пэўны час знаходзілася ў рэлігійных пошуках ды ўрэшце «знайшла супакой» у англіканскай царкве. Каля яе ложка вісеў абраз св. Францішка, а вядомая кніга Тамаша Кемпійскага «Следам за Хрыстом» («Наследванне Хрыста») стала яе настольнай кнігай.

Агата Крысці гаворыць, што маці чытала «Следам за Хрыстом» «у дзень і ў начы», а потым дадае вельмі важныя для нас словы, што і яна не расстаецца з гэтай кнігай. Бацька пісьменніцы быў вельмі добрым чалавекам ды таксама быў прыкладам пабожнасці для яе. Кожны вечар ён маліўся, а кожную нядзелю хадзіў у царкву.

Асаблівае месца ў «Аўтабіяграфіі» Агаты Крысці займае ўспамін пра пэўную настаўніцу, яка пасярод урока арыфметыкі зусім нечакана зрабіла настаўленне пра жыццё і веру. Паколькі яно вельмі павучальнае і цікавае, то дазволю сабе пазнаёміць вас, сябры, з ім цалкам:

- Вы ўсе – сказала яна, - кожная з вас, пройдзе праз цяжкія выпрабаванні. Калі ў вас не хопіць смеласці супрацьстаяць адчаю, то вы ніколі не станеце сапраўднымі хрысціянкамі, не даведаецеся, што такое жыццё ў Хрысце. Каб стаць хрысціянамі, вы павінны смела сустрэць і прыняць жыццё, як сустрэў і пражыў сваё жыццё Хрыстос; вы павінны радавацца таму, чаму радаваўся Ён; быць такімі ж шчаслівымі, якім быў Ён у Кане Галілейскай, пазнаць мір і шчасце, якое ёсць у злучэнні з Госпадам і з Яго воляй. Але вы павінны перажыць, падобна Яму, што значыць застацца аднаму ў Гефсіманскім садзе, адчуць, што ўсе вашы сябры пакінулі вас, усе, каго вы любілі і каму верылі, адвярнуліся ад вас, ды сам Госпад Бог пакінуў вас. І тады захавайце веру ў тое, што гэта яшчэ не канец. Калі вы любіце, то будзеце пакутаваць, а калі не любіце, то ніколі не даведаецеся, што такое жыццё ў Хрысце.

Канец цытаты... Далей па тэксту, пісьменніца прызнаецца, што гэтыя некалькі слоў запалі ў яе душу мацней, чым самыя лепшыя казанні, якія ёй даводзілася чуць. Гэтыя словы вярталіся да яе і прыносілі надзею ў часы самага глыбокага адчаю. Я ж са свайго боку таксама ў поўным захапленні ад прамовы невядомай настаўніцы, словы якой прамаўляюць да нас і сёння.


Было б наіўна з майго боку ўказваць на Агату Крысці, як на ўзор хрысціянскага жыцця, але зноў жа было б не справедліва не звярнуць увагу на асаблівасці яе творчасці. Вось жа ніводнага разу тэмай сваіх раманаў яна не зрабіла злачынства на сексуальнай глебе, ніколі не было нейкіх жорсткіх ці садысцкіх сцэн. У сваёй «Аўтабіяграфіі» яна падкрэслівае: «Я як і кожны, хто чытае дэтэктывы, была супраць злачынца і за нявінную ахвяру. (...) Хто мог бы падумаць, што прыйдуць часы, калі кнігі аб злачынствах будуць правакаваць памкненне да гвалту ды прыносіць садыскае задавальненне апісаннямі жорсткасці дзеля жорсткасці?»

У творах Агаты Крысці звычайна прысутны хэпі-энд: зло выкрытае ды пакаранае, сэрцы, што кахаюць – злучаныя, жыццё вяртае сабе страчаную раўнавагу. Канешне, не заўсёды можна пагадзіцца з разважаннямі пісьменніцы адносна жыцця і смерці, але гэтыя разважанні правакуюць мысленне і за гэта можна быць ёй удзячнымі. Сама лэдзі Агата была вельмі ўдзячным чалавекам. Сваю «Аўтабіяграфію» яна скончыла наступнымі словамі:

Дзіця, калі ўстае з-за стала, гаворыць: «Дзякуй Табе, Госпадзе, за добры абед».
Што сказаць мне ў свае семдзесят пяць? Дзякуй Табе, Госпадзе, за маё добрае жыццё ды за ўсю тую любоў, якая была мне дадзена ў дар.

На гэтым, сябры, я развітваюся з вамі. Калі каму-небудзь пасля гэтай перадачы захочацца схапіць томік старой Агаты, то лепей няхай гэта будзе яе мудрая «Аўтабіяграфія». Вось так... Добрага вам чытання.

а. Андрэй Буйніч








All the contents on this site are copyrighted ©.