2013-10-23 12:36:54

Святы Пасад супраць паўтарэння іракскага сцэнарыя для хрысціян Сірыі


RealAudioMP3 Святы Пасад заклікаў да тэрміновага клопату аб міры і дабрабыце ўсіх народаў Блізкага Усходу. Падставай для гэтага павінна служыць павага да годнасці чалавечай асобы, незалежна ад расы або веравызнання, клопат аб кожным чалавечым жыцці. У ААН 22 кастрычніка 2013 г. адбыліся адкрытыя дэбаты па сітуацыі на Блізкім Усходзе. Пазіцыю Апостальскай Сталіцы па гэтым пытанні агучыў арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат. Ён з занепакоеннасцю звярнуў увагу на сітуацыю у Сірыі і падкрэсліў, што першым крокам да нармалізацыі павінны стаць неадкладнае спыненне насілля і пачатак рэальнага працэсу дыялогу.

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН нагадаў пра бядотнае становішча больш за 4 млн. гарамадзян у межах самой Сірыі і больш за 2 млн. бежанцаў, тры чвэрці з якіх жанчыны і дзеці. Сітуацыя вельмі цяжкая і пагаршаецца з кожным днём, адзначыў ён, многія людзі паміраюць ад голаду і адсутнасці доступу да асноўнай медыцынскай апекі. Каталіцкі Касцёл, заявіў іерарх, па-ранейшаму нясе дапамогу людзям, незалежна ад іх рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці. Ён нагадаў, што 1 верасня 2013 г. быў аб’яўлены папам Францішкам днём посту і малітвы за мір ва ўсім свеце і, у прыватнасці, у Сірыі.

Дыпламат звярнуў увагу на сітуацыю хрысціян на Блізкім Усходзе, які з самага пачатку быў калыскай іх веры, дзе яны жылі мірна на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў. Як грамадзяне сваіх краін яны жадаюць працягваць быць часткай грамадскага, палітычнага, культурнага і рэлігійнага ландшафту рэгіёну і ўносіць свой ​​уклад у агульнае дабро грамадства, заўважыў арцыбіскуп Чулікат. Ён назваў ненармальнай сітуацыю, калі хрысціяне вымушаны бегчы з Блізкага Усходу, пакінуўшы пасля сябе дзве тысячы гадоў традыцыі, упісанай у культуру рэгіёна. “Непрымальна паўтарэнне таго, што адбылося ў Іраку, калі насілле на рэлігійнай глебе скараціла хрысціянскае насельніцтва на 70%”, - падкрэсліў дыпламат.

Святы Пасад перакананы, што з дапамогай палітычнай волі міжнародная супольнасць можа змяніць жыццё народаў Блізкага Усходу і дапамагчы ім ажыццявіць мару доўгачаканага міру.

23 кастрычніка 2013 г. Папская рада “Cor Unum” апублікавала дадзеныя, паводле якіх на 9 кастрычніка каталіцкія гуманітарныя арганізацыі выдаткавалі на дапамогу пацярпелым ад крызісу ў Сірыі 72 млн. амерыканскіх долараў.







All the contents on this site are copyrighted ©.