2013-10-23 11:55:32

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адказаў на складаныя пытанні адносна разведзеных


RealAudioMP3 Сужэнства – гэта непарыўны сакрамэнт, таму той, хто развёўся і ажаніўся зноў, не можа атрымліваць св. Камунію. Але Касцёл не адмаўляецца ад гэтых вернікаў і суправаджае на іх шляху. Гэта падкрэсліў у вялікім артыкуле на старонках сённяшняга нумару ватыканскай газеты арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Публікацыя стала адказам на шматлікія каментары, якія паўсталі ў сувязі з абвяшчэннем тэмы наступнага Сінода Біскупаў. Ён будзе прысвечаны пытанням сям’і.

Сужэнства паміж ахрышчанымі мужчынам і жанчынай “з’яўляецца сталым інстытутам, заснаваным на Божым праве і не залежным ад суджэнняў чалавека”, напісаў ватыканскі іерарх, нагадаўшы асноўныя дакументы Касцёла па гэтым пытанні. Яны падкрэсліваюць, што асоба, якая развялася і паўторна ажанілася, не можа атрымаць св. Камунію, таму што ўмовы яе жыцця супярэчаць саюзу любові паміж Хрыстом і Касцёлам, якую сімвалізуе эўхарыстычны акт.

Арцыбіскуп нагадаў, што ў такой сітуацыі Касцёл прапануе гэтым асобам некалькі выхадаў. Вяртанне да поўнага сакрамэнтальнага жыцця можа адбыцца ў выпадку прызнання несапраўднасці папярэдняга сужэнства або ў сітуацыі, калі муж і жонка прымаюць рашэнне жыць разам, як брат і сястра. “Вядома, ёсць сітуацыі, калі “сямейнае жыццё становіцца немагчымым”, як у выпадку “фізічнага ці псіхалагічнага гвалту”, - заўважыў арцыбіскуп. У такіх “балючых сітуацыях Касцёл заўсёды дазваляў сужонкам не жыць разам”, пры ўмове, што ніводзін з іх “не можа заключыць новае сужэнства, пакуль іншы сужонак жыве”.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння запрасіў адмовіцца ад “фальшывых заклікаў да міласэрнасці” і нагадаў, што ніхто не можа быць вызвалены ад “Божых запаведзяў і інструкцый Касцёла”. Іерарх падкрэсліў, што немагчымасць удзелу асоб разведзеных і заключыўшых новы саюз у поўным сакрамэнтальным жыцці Касцёла звязана не з нейкага роду дыскрымінацыяй, але з “абсалютнай вернасцю волі Хрыста”.

З іншага боку, арцыбіскуп Мюлер настойвае на душпастырстве развёўшыхся і нанова ажаніўшыхся, удакладняючы, што яно не павінна “быць зведзена выключна да пытання аб прыняцці св. Камуніі”, паколькі “апрача сакрамэнтальных зносін можна ўвайсці ў зносіны з Богам у веры, надзеі і любові, у пакаянні і малітве”.







All the contents on this site are copyrighted ©.