2013-10-23 11:05:16

Касцёл – не гуманітарная арганізацыя


RealAudioMP3 Панна Марыя – гэта прыклад веры, любові і адзінства з Хрыстом. Яна вучыць жыць верай сярод тысяч штодзённых абавязкаў, сваім прыкладам заклікае да любові, несучы свету Хрыста, і дэманструе, што паяднанне з Богам пралягае праз крыжовы шлях. На гэта звярнуў увагу 23 кастрычніка 2013 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра папа Францішак. Працягваючы цыкл катэхез пра Касцёл, Святы Айцец заклікаў глядзець на Марыю, як на вобраз і прыклад для хрысціянскай супольнасці. Францішак падкрэсліў, што “тэрыторыяй”, на якой развіваліся асабістыя адносіны і глыбокі дыялог Марыі з Богам, была штодзённая рэальнасць – “нармальнае жыццё”, сярод тысяч клопатаў, якія мае кожная маці. Менавіта тут яе “так”, дасканалае ўжо ад самага пачатку, пачало ўзрастаць да крыжовай гадзіны. “Тут яе мацярынства пашырылася, абдымаючы кожнага з нас, наша жыццё, каб весці нас да яе Сына. Марыя заўсёды была паглыблена ў таямніцу Бога, Які стаў чалавекам, як Яго першая і дасканалая вучаніца, разважаючы над усім у сваім сэрцы ў святле Святога Духа, каб зразумець і споўніць цалкам Божую волю”, - сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў вернікаў адказаць сабе: ці не думаем мы пра Марыю, як пра некага далёкага і занадта адрознага ад нас? Ці ў моманты цяжкасцяў, выпрабаванняў і цемры, глядзім на яе, як на прыклад даверу да Бога, Які заўсёды жадае нам дабра?

Паводле Францішка, акрамя прыкладу веры, Марыя з’яўляецца для нас таксама прыкладам любові. На яго думку, гэта красамоўна дэманструе сустрэча Маці Божай са св. Альжбетай. Марыя прынесла ёй не толькі матэрыяльную дапамогу, але і Езуса, Якога ўжо мела ў сваім ўлонні.

“Маці Божая хоча прынесці і ўсім нам вялікі дар, якім з’яўляецца Езус, а разам з Ім прынесці Яго любоў, спакой, радасць. Таксама і Касцёл – гэта не крама, не гуманітарная арганізацыя (...), ён пакліканы несці ўсім Хрыста і Яго Евангелле. Такі Касцёл не нясе самаго сябе, (...) але Езуса. Касцёл павінен быць як Марыя, якая наведвала Альжбету. (...) Калі аднойчы здарыцца так, што Касцёл не будзе несці Хрыста – ён стане Касцёлам мёртвым”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што Касцёл пакліканы таксама несці любоў Хрыста і заклікаў вернікаў спытаць сябе: якую любоў мы нясём бліжнім – любоў Езуса, заснаваную на дзяленні, прабачэнні і суправаджэнні, ці любоў, якая з’яўляецца проста вынікам сімпатыі, якая шукае ўзаемнасці?

Францішак назваў Марыю прыкладам адзінства з Хрыстом. Паводле Папы, яе дасканалая еднасць з Панам дасягнула кульмінацыі на Кальварыі: “Тут Марыя паядналася з Сынам у мучаніцтве сэрца і ахвяры жыцця Айцу, дзеля збаўлення чалавецтва. Маці Божая атаясамілася з болем Сына і прыняла ў Ім волю Айца, у такой паслухмянасці, якая прыносіць плён, дорыць сапраўдную перамогу над злом і смерцю”, - сказаў ён. Папа заклікаў да трывалых і пастаянныях адносін з Езусам, глыбокага сяброўства з Ім, нават калі гаворка ідзе пра шлях крыжа.

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі Святы Айцец традыцыйна прывітаў моладзь, хворых і маладыя пары, якія нядаўна заключылі сакрамэнт сужэнства. Папа адзначыў, што месяц кастрычнік нагадвае пра неабходнасць быцця місіянерамі, якія абвяшчаюць Евангелле. Ён заклікаў прысутных на плошчы св. Пятра моладзь і семінарыстаў быць адважнымі сведкамі хрысціянскага жыцця, хворых – ахвяраваць свой штодзённы крыж для навяртання далёкіх ад святла Евангелля, а маладых сужонкаў – абвяшчаць любоў Хрыста, пачынаючы з уласнай сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.