2013-10-22 12:27:27

Папа: сэрца, калені, малітва – дазволяць наблізіцца да таямніцы Бога


RealAudioMP3 Сузіранне, блізкасць, шчодрасць – вакол гэтых трох паняццяў была сканцэнтравана гамілія папы Францішка падчас ранішняй св. Імшы 22 кастрычніка 2013 г. Яна прайшла, як заўсёды, у капліцы ватыканскага Дома св. Марты. Пантыфік пацвердзіў, што ніхто не можа зразумець Бога выключна праз розум і адзначыў, што “выклік Бога” палягае на тым, што ён “умешваецца” у наша жыццё, каб вылечыць нашы раны, як гэта рабіў Езус. Разважанні Папы былі натхнёны ўрыўкам з Паслання св. Паўла да Рымлянаў. Касцёл, сказаў Францішак, “калі хоча нам нешта сказаць аб таямніцы Бога”, выкарыстоўвае толькі слова “цудоўна”. Св. Павел, звярнуў увагу ён, кажа, што збаўленне і адкупленне можна зразумець толькі на каленях, у сузіранні. “Так яно і было ў гісторыі Касцёла: сузіранне – інтэлект, сэрца, калені, малітва – усё разам, дазволіла ўвайсці ў таямніцу”, - сказаў Папа.

“Блізкасць” Бога, паводле Францішак, палягае на Яго пастаянным знаходжанні побач з чалавекам, нягледзячы на грэх апошняга. Папа выкарыстаў вобраз медсястры ў шпіталі, якая перавязвае раны, “адну за другой”. Бог удзельнічае, умешваецца ў нашы пакуты, набліжаецца да нашых ран і лечыць сваімі рукамі, а для таго, каб мець гэтыя рукі, Ён стаў чалавекам. “Гэта асабістая справа Езуса”, - падкрэсліў Пантыфік. “Шчодрасць” Бога – гэта багацце Яго любові і ласкі. Божая любоў заўсёды перамагае, таму што Ён аддаецца чалавеку цалкам, нягледзячы на яго грэшнасць.

Папа Францішак спаслаўся на “некаторых святых”, якія казалі, што адным з самых цяжкіх грахоў з’яўляецца недавер да Бога. Але, як чалавек можа асцерагацца Бога настолькі блізкага і добрага, Які аддае перавагу нашаму грахоўнаму сэрцу, выказаў недаўменне ён. Гэту таямніцу, зноў сказаў Пантыфік, не так лёгка зразумець, і ніколі не зразумець выключна праз інтэлект. Тут, паводле яго, могуць дапамагчы толькі тры рэчы: “сузіранне, блізкасць і шчодрасць.







All the contents on this site are copyrighted ©.