2013-10-22 13:01:36

Новае пагадненне паміж Святым Пасадам і Венгрыяй


RealAudioMP3 21 кастрычніка 2013 г. у сядзібе венгерскага парламента ў Будапешце было падпісана Пагадненне паміж Святым Пасадам і Венгрыяй, якое ўнесла папраўкі ў папярэдні такога ж роду дакумент ад 20 чэрвеня 1997 г. аб фінансаванні грамадскай службы і іншай рэлігійнай дзейнасці, якую ажыццяўляе Каталіцкі Касцёл у Венгрыі. Дакумент рэгулюе таксама некаторыя пытанні фінансавага характару. Новае Пагадненне падпісалі: з боку Святога Пасаду арцыбіскуп Альберта Батары дэ Кастэла, Апостальскі нунцый у Венгрыі, і віцэ-прэм’ер краіны Жолт Шем’ен.

Пагадненне ад 20 чэрвеня 1997 г. не страціла сваёй законнай сілы, гаворыцца ў паведамленні Дзяржсакратарыяту Яго Святасці Папы, у яго былі ўнесены “некаторыя змены”, якія абнаўляюць дакумент у кантэксце норм, звязаных з прыняццем новага Асноўнага закону Венгрыі, уступіўшага ў сілу 25 красавіка 2011 г. Дапаўненні рэгулююць пэўныя фінансавыя аспекты, якія тычацца выкладання рэлігіі ў школах, працы каталіцкіх вышэйшых навучальных устаноў, аднаўлення і захавання мастацкай і архітэктурнай спадчыны, якая знаходзіцца ў валоданні касцёльных устаноў, прызначэння часткі падаткаў на карысць Каталіцкага Касцёла, умовы атрымання даходу ад былой касцёльнай уласнасці, што не было названа ў Дадатку да Пагаднення ад 1997 г.

Новае Пагадненне складаецца з 7 артыкулаў і 3 дадаткаў. Яно ўступіць у сілу з моманту абмену ратыфікацыйнымі граматамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.