2013-10-21 10:01:06

У Беларусі кладуць націск на адзінства святароў


RealAudioMP3 15 лістапада 2013 г. у Мінску адбудзецца Агульнабеларуская сустрэча святароў. Такія форумы праходзяць раз у тры гады, але той, які мае адбыцца – знакавы. У Паўсюдным Касцёле завяршаецца Год веры, а таму падвесці вынікі неабходна будзе і ў Беларусі. Невыпадкова абрана і тэма сустрэчы, сугучная з Годам веры – “Святло веры – святарская вернасць”. Вернасць сваім ідэалам, вернасць Касцёлу, вернасць сваёй пастве – на сустрэчы будуць закрануты самыя розныя аспекты святарскага служэння: ад літургічных пытанняў, эфектыўнасці касцёльных судоў, узнікнення харызматычных групп да душпастырства міністрантаў і духоўнай падтрымкі сем’яў. Увогуле, упершыню ў гісторыі такіх сустрэч, акрамя агульнага пасяджэння, пройдуць больш за 10 круглых сталоў па праблемах, з якімі Касцёл сутыкаецца ў сучасным свеце, адзначыў кс. Юрый Санько, адказны за СМІ Канференцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

“Я думаю, што будуць зроблены цікавыя высновы, таму што з гэтымі пытаннямі святары сутыкаюцца штодзённа. І яны будуць разважаць на ўласных прыкладах, а таксама падаваць варыянты вырашэння гэтых праблем, плюсы і мінусы. Гэта будзе таксама карысна тым святарам, хто не сутыкаўся яшчэ з падобнымі праблемамі. Дзякуючы гэтым разважанням, мы зможам акрэсліць наш накірунак у будучыні: што Касцёл павінен змяніць, чаму надаць увагу, што больш развіць, якія расставіць акцэнты”, - сказаў святар.

Асаблівая ўвага – супрацоўніцтву са СМІ як сродкам новай евангелізацыі. І калі ў сталіцы справа наладжана, у рэгіёнах – яе трэба пашыраць. Святары павінны быць больш адкрытымі да мясцовых газет, часопісаў, тэлебачання, радыё, каб данесці, чым жые Касцёл не толькі да тых, хто ўжо належыць да яго, але і да тых, хто яшчэ толькі шукае Бога. Асобна ўдзельнікі форума абмяркуюць і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі. Калі перафразаваць вядомы выраз, гара не пойдзе да Магамета.

“Касцёл павінен быць больш мабільным. Калі мы прыйдзем с прапановай да дзяржаўных органаў, калі мы даведаемся, якія ёсць праекты, у якіх мы маглі б дапамагчы, і скажам, што мы разам хацел б працаваць над гэтымі праграмамі. Гэта могуць быць сямейныя праекты, праца ў дзяцячых дамах ці цэнтрах карэкцыйнага развіцця. Трэба разумець, што дзяржава вельмі вялікі арганізм, які вырашае шмат пытанняў, і ў гэтым плане, у першую чаргу, нам трэба адкрыцца на супрацоўніцтва”, - лічыць кс. Санько, адзін з арганізатараў Агульнабеларускай сустрэчы святароў.

Асобным пунктам на абмеркаванне будзе вынесена супрацоўніцтва паміж самімі святарамі. Так званая кадравая праблема ў Каталіцкім Касцёле Беларусі існуе даўно. Ва ўмовах недахопа святароў на іх кладзецца яшчэ большая адказнаць – умець распазнаць выклікі і пагрозы XXI стагоддзя, супрацьстаяць ім і быць правадыром сярод вернікаў, выказаў думку кс. Юрый. “Недахоп святароў адчуваецца, але гэта не значыць, што мы павінны скласці рукі і чакаць, калі іх стане больш. Трэба самім актывізавацца ў іншых справах, далучыцца, дапамагаць адзін аднаму, каб было сапраўднае супрацоўніцства. Не будзе адчувацца гэтай праблемы, калі мы будзем жыць, як адзіная святарская сям’я, не толькі ў межах дыяцэзій, але і ўсяго Касцёла ў Беларусі”.

Акрамя духоўнага імпульсу, новых ідэй і задач, вынікам Агульнабеларускай сустрэчы стане і пісьмовы дакумент – можна сказаць кіраўніцтва да дзеяння як святарам, так і біскупам, адзначыў адказны за СМІ епіскапату Беларусі. “Кожны біскуп прыедзе, каб удзельнічаць у сустрэчы разам са сваімі святарамі, таму што будзем казаць і пра еднасць святароў і біскупаў. Важна, каб гэты дакумент пачаў існаваць, яго мы накіруем як вынік працы, каб біскупы яшчэ раз звярнулі ўвагу на пункты і ўключылі іх у праграму душпастырскай дзейнасці на наступны год у Беларусі”, - падзяліўся кс. Санько.

Чакаецца, што на Агульнабеларускую сустрэчу збяруцца каля 400 святароў з ўсёй краіны.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.