2013-10-21 12:32:23

Пантыфік да лютэран пра радасць з настальгіяй па адзінстве


RealAudioMP3 “Вельмі сардэчнай і прыемнай” назваў сустрэчу з прадстаўнікамі Сусветнай лютэранскай федэрацыі і Камісіі па лютэранска-каталіцкім адзінстве папа Францішак. Яна адбылася 21 кастрычніка 2013 г. у Ватыкане. Пантыфік звярнуў увагу на “шматлікія поспехі, дасягнутыя ў адносінах паміж лютэранамі і католікамі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў”. І тут гаворка ідзе “не толькі пра тэалагічны дыялог, але і пра “братэрскае супрацоўніцтва ў розных сферах душпастырства, і, перш за ўсё, імкненне да прагрэсу ў духоўным экуменізме”. На думку Святога Айца, менавіта гэта апошняе “складае душу сумеснай пілігрымкі да поўнай камуніі, і дазваляе ўжо цяпер прадчуваць некаторыя плёны, калі нават і не дасканалыя”. Ён перакананы, што у той жа меры, у якой католікі і лютэране набліжаюцца да Хрыста, яны набліжаюцца і адно да аднаго, і ў гэтым падарожжы Езус з’яўляецца правадыром.

Папа нагадаў, што сёлета быў апублікаваны сумесны лютэранска-каталіцкі дакумент “Ад канфлікту да камуніі. Лютэранска-каталіцкая інтэрпрэтацыя Рэфармацыі ў 2017 г.”, які падвёў вынікі 50-гадовага тэалагічнага дыялогу. “Я лічу, што гэта сапраўды важна для ўсіх, дыскутаваць у дыялогу аб гістарычнай рэальнасці Рэфармацыі, яе наступствах і водгуках, якія яна выклікала. Католікі і лютэране могуць папрасіць прабачэнне за шкоду, якую прынеслі адно аднаму, і за грахі, учыненыя ў вачах Бога, і разам адчуваць радасць з настальгіяй па адзінстве, якую Пан абудзіў у нашых сэрцах, і якая прымушае нас з надзеяй глядзяць у будучыню”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік выказаў упэўненасць, што “падарожжа дыялогу і зносін” паміж католікамі і лютэранамі будзе працягвацца. Працягнецца таксама і вырашэнне фундаментальных пытанняў у галіне антрапалогіі і этыкі. Папа запрасіў не падманваць сябе і сказаць шчыра, што на гэтым шляху ёсць і будуць цяжкасці, якія “па-ранейшаму патрабуюць цярпення, дыялогу і ўзаемаразумення”. “Але мы не павінны баяцца!”, - сказаў Францішак, паколькі “адзінства ў першую чаргу – не плён нашых прац, але дзеяння Святога Духа, Якому мы павінны адкрыць нашы сэрцы з верай, што Ён будзе весці нас па шляху паяднання і камуніі”.

Святы Айцец працытаваў бл. Яна Паўла II, які пытаўся: “Як можна абвяшчаць Евангелле прымірэння, адначасова не будучы прыхільным працы для прымірэння паміж хрысціянамі?”. На думку Францішка, пастаянная малітва ў супольнасцях павінна падтрымліваць тэалагічны дыялог, абнаўленне жыцця і навяртанне сэрцаў, і гэта дапаможа выканаць жаданне Езуса, каб усе былі адно.

Сусветная лютэранская федэрацыя (Lutheran World Federation) – найбуйнейшае глабальнае аб’яднанне нацыянальных і рэгіянальных Лютэранскіх Цэркваў, са штаб-кватэрай у швейцарскай Жэневе. Была заснавана пасля Другой сусветнай вайны ў 1947 г. У цяперашні час яна ўключае 140 Цэркваў у 78 краінах свету, якія прадстаўляюць каля 67 млн. лютэран.







All the contents on this site are copyrighted ©.