2013-10-20 13:00:32

Папа перад “Анёл Панскі”: Бог з’яўляецца нашым саюзнікам (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Бог заўсёды чуе малітвы чалавека і заўсёды знаходзіцца на яго баку, нават тады, калі камусьці здаецца, што яго просьбы застаюцца без адказу. Бог проста чакае нашай настойлівасці і выхоўвае ў нас цярплівасць, паколькі змаганне са злом патрабуе менавіта гэтых рысаў, падкрэсліў папа Францішак у сваіх разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі” 20 кастрычніка 2013 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Барацьба супраць зла, адзначыў ён, ніколі не спыняецца і працягваецца штодня, і ў гэтым змаганні Бог з’яўляецца нашым саюзнікам, а малітва пацвярджае нашу перакананасць у гэтым. Святы Айцец спаслаўся на тэкст Евангелля, прызначаны Касцёлам на сённяшнюю нядзелю, пра ўдаву, якая настойліва прасіла эгаістычнага суддзю дапамагчы ёй. “У сённяшнім Евангеллі Езус распавядае прыпавесць аб неабходнасці маліцца пастаянна і не стамляючыся. - сказаў Папа - Галоўным героем з’яўляецца ўдава, вымушананая прасіць несумленнага суддзю здзейсніць справядлівасць, належную ёй.

І Езус робіць выснову: калі ўдава здолела пераканаць суддзю, вы хочаце, каб Бог не пачуў нас, калі мы молімся да Яго з настойлівасцю? Выраз Езуса вельмі моцны: “Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч” (Лк 18,7). “Просяць дзень і ноч” Бога! Нас дзівіць такі вобраз малітвы. Але давайце задамося пытаннем: чаму Бог хоча гэтага? Ён што, не ведае нашых патрэбаў? Які сэнс мае “настойлівасць” адносна Бога?

І гэта добрае пытанне, якое прымушае нас разглядзець вельмі важны аспект веры: Бог заклікае нас маліцца з настойлівасцю не таму, што ён не ведае, чаго мы патрабуем, і не таму, што нас не слухае. Наадварот, ён заўсёды чуе і ведае ўсё пра нас, з любоўю. У нашай штодзённай пілігрымцы, асабліва ў цяжкасцях, у барацьбе супраць зла ўнутры і па-за намі, Бог не далёка, Ён побач. Мы змагаемся, маючы Яго на сваім баку, і нашай зброяй з’яўляецца малітва, што прымушае нас адчуваць Яго прысутнасць побач з намі, Яго міласэрнасць і Яго дапамогу.

Але барацьба супраць зла цяжкая і доўгая, гэта патрабуе цярпення і адпору – як у выпадку Майсея, які павінен быў трымаць рукі, паднятымі ўверх, каб дапамагчы выйграць свайму народу (пар. Зых 17,8-13). Гэта так: кожны дзень ідзе барацьба, але Бог з’яўляецца нашым саюзнікам, вера ў Яго – гэта наша сіла, і малітва з’яўляецца выразам гэтай веры. Таму Езус запэўнівае нас у перамозе, але ў рэшце рэшт пытаецца: “Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?” (Лк 18, 8). Калі выключаецца вера, выключаецца і малітва, і мы сыходзім у цемру, мы губляемся ў падарожжы па жыцці.

Мы вучымся ва ўдавы з Евангелля маліцца пастаянна і не стамляцца рабіць гэта. Яна была малайчына – гэта ўдава, яна ведала, што змагаецца за сваіх дзяцей, і я думаю, што многія жанчыны такім жа чынам змагаюцца за сваю сям’ю, моляцца, ніколі не стамляючыся рабіць гэта. Падумаем пра гэтых жанчын, якія сваім стаўленнем даюць праўдзівае сведчанне веры, мужнасці, узор малітвы. Падумаем пра іх! Трэба маліцца заўсёды, але не пераконваць Пана сілай слоў! Ён ведае лепш за нас, што нам трэба! Трывалая малітва з’яўляецца выразам веры ў Бога, Які заклікае нас змагацца побач з Ім, кожны дзень, кожны момант, каб пераадолець зло дабром”, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”.

На плошчы св. Пятра і побач з ёй сабралася сёння некалькі дзесяткаў тысяч вернікаў. Камунальныя службы Рыма заўважаюць, што на сустрэчы з Папам прыбывае ўсё больш і больш вернікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.