2013-10-19 09:34:28

У Беларусі ствараецца агульнанацыянальны валанцёрскі рух


RealAudioMP3 Дапамагаць старым людзям, дзецям, хворым і знайсці ў гэтым радасць – дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” у Беларусі распачала новы агульнанацыянальны праект па стварэнні валанцёрскага руху. Раней у кожнай дыяцэзіяльнай установе былі свае памочнікі, але зараз “Карытас” мае патрэбу ў пастыянным і арганізаваным руху. Пачатак ужо пакладзены: у першую чаргу былі знойдзены валанцёры-лідэры – гэта 20 чалавек з усіх дыяцэзій, якія пройдуць 2-гадовую фармацыю і будуць задаваць тэмп і накірункі далейшай працы, паведаміў дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” ксёндз Віктар Гайдукевіч.

“Ёсць людзі, якія прыходзяць да нас і маюць канкрэтную думку, дзе б яны хацелі працаваць, напрыклад, са старымі. Ёсць тыя, хто адкрыты на працу з моладдзю. А хтосьці не ведае яшчэ, у якой вобласці ён хоча дапамагаць. І задача лідэраў, у тым ліку, распазназнаць пакліканне чалавека як валанцёра, дзе ён будзе найбольш карысным. Лідэры маюць кампетэнцыю, бо самі пройдуць фармацыю, каб працаваць над матывацыяй будучых валанцёраў, а потым накіраваць на тую працу, якая сапраўды будзе прыносіць радасць”, - сказаў святар.

“Карытас” у Беларусі існуе ўжо 20 гадоў, і ўвесь гэты час праца дабрачыннага каталіцкага таварыства грунтуецца на людзях, якія дабраахвотна і без грашовага заахвочвання прымаюць удзел у розных акцыях. Многія ў якасці валанцёраў працуюць з самага пачатку, але сённяшні час патрабуе іншых падыходаў – валанцёрскі рух павінен быць моцным, кваліфікаваным і мэтанакіраваным. І валанцёраў, як адзначае кс. Віктар Гайдукевіч, шмат ніколі не будзе. “Валанцёраў будзе заўсёды мала. Калі ёсць свабодныя рукі, у кожнай парафіі знойдзецца поле для дзейнасці – праца са старымі людзьмі, з шматдзетнымі сем’ямі, з хворымі і інвалідамі, у дзіцячых дамах. І мы заўсёды павінны шукаць валанцёраў, і не толькі сярод маладых людзей, бо мы прывыклі, што валанцёр – гэта малады чалавек, але і сярод старэйшых”, - прызнаўся дырэктар.

Будуць валанцёры – будуць і новыя акцыі. Ідэі на перспектыву ўжо ёсць. Гэта праект “Мабільная дапамога” – калі группа валанцёраў будзе выязджаць да старых людзей, каб выканаць іх просьбы – прыбраць у хаце, схадзіць за прадуктамі ці прывезці лекі. Найперш, накіраваны праект на беларускія вёскі, дзе найбольшая колькасць самотных. Пад паняццем “мабільная” разумеецца рух, адраснасць, індывідуальнасць. Бо ў кожнага свае, і не толькі матэрыяльныя патрэбы, падзяліўся вопытам кс. Віктар Гайдукевіч. “Асабіста мяне ўразіла сітуацыя, калі мы наведвалі старых людзей у вёсках. Адна самотная жанчына, калі мы спыталіся, што ёй патрэбна (можа прывезці вопратку ці ежу), папрасіла, каб яе адвезлі ў касцёл. Мы бачым, што людзі жывуць не толькі матэрыяльнымі патрэбамі. Важна даехаць, удзяліць час, паразмаўляць і дапамагчы, як гэтай жанчыне, у тым ліку далучыцца да духоўнага жыцця”.

У таварыстве спадзяюцца, што ў Беларусі з’явіцца сапраўдны валанцёрскі рух. Валанцёры-лідэры ўжо прайшлі так званае ўрачыстае “пасвячэнне”, а ў канцы кастрычніка збяруцца ў Мінску на першы вучэбны семінар. А потым – можна будзе рухацца далей і ўвасобіць у жыццё ўсё, што задумана.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.